Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для палітвязьня Гундара ўпершыню за два гады прынялі харчовую перадачу


Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Палітзьняволены Ўладзімер Гундар ня мае адной нагі вышэй калена. На прагулкі ён выходзіць на мыліцах.

Палітзьняволены Ўладзімер Гундар атрымаў прадуктовую перадачу ўпершыню за амаль два гады, паведаміла дасьведчаная крыніца са спасылкай на сваякоў зьняволенага.

«Будзе яму крыху садавіны і гародніны каб падмацавацца. Але пісаў, што даўно прызвычаіўся да турэмнай ежы», — паведаміла крыніца.

Ужо 1,5 года Ўладзімера Гундара трымаюць на турэмным рэжыме ў Магілёве. Палітвязьня пазбавілі спатканьняў і прадуктовых перадач, а за якую правіннасьць, невядома. Кантактаваньне з Уладзімерам Гундарам адбываецца праз ліставаньне і тэлефонныя званкі. Апошні ліст ад палітвязьня прыходзіў у сакавіку.

«На здароўе ён не скардзіцца, але настрой даволі сумны, бо ня верыць у хуткія зьмены. Спрабуе жыць тут і цяпер, то бок — дзень пражыў і дзякуй Богу», — паведаміла крыніца пра Ўладзімера Гундара.

Вядома, што ў зьняволеньні Ўладзімер Гундар працягвае пісаць вершы і шмат чытае. Таксама яму дазволеныя прагулкі, падчас якіх «ён напаўняецца станоўчымі эмоцыямі». Палітзьняволены Ўладзімер Гундар не мае адной нагі вышэй калена, на прагулкі ён выходзіць на мыліцах.

Уладзімер Гундар зьяўляецца фігурантам «справы аб тэрарызьме Мікалая Аўтуховіча». Агулам яго асудзілі на 20 гадоў зьняволеньне, зь якіх яму адбываць яшчэ 16.

64-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы. У СІЗА Ўладзімер Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся, але вязьню дагэтуль трэба прымаць спэцыяльныя лекі. Вядома, што ў Гундара павышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.

У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо асуджанага на два гады за напад на міліцыянта, асудзілі яшчэ на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме, так званай «справе Аўтуховіча».

У канцы студзеня 2023 году Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на 2,5 года пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG