Сёньня Аляксандар Лукашэнка правёў вялікую нараду па кадрах Міністэрства замежных спраў, перадае БелТА. Міністар Рыжанкоў пасьля нарады ў Лукашэнкі паведаміў пра будучую вялікую ратацыю сярод беларускіх дыпляматаў за мяжой.
«Не таму, што нейкая экстранная сытуацыя, нехта скажа — выбары... Не. Таму, што некаторы час таму ратацыйны працэс быў упушчаны, і мы сёньня вымушаныя адразу значную колькасьць людзей рыхтаваць да прызначэньня», — цытуе БелТА кіраўніка МЗС.
Міністар адзначыў, што варта не дапусьціць, каб дыпляматы трапілі пад уплыў краіны знаходжаньня: «Кожны чалавек, які жыве ў нейкай краіне, падвяргаецца магутнаму інфармацыйнаму ўзьдзеяньню, натуральна, пранікаецца нейкімі ідэямі, інтарэсамі, чаканьнямі... Вельмі важна, каб вока не замылілася, — гэта раз. І другое — каб ён не пачаў глядзець на двухбаковыя адносіны вачыма таго боку, а ня нашага. Нават з дружалюбнымі краінамі гэта ня вельмі добра, таму што ты прыяжджаеш наводзіць масты, але хацеў бы, каб рух быў большы з твайго боку», — адзначыў міністар.
Цяпер, паводле яго слоў, прыйшоў час, каб некаторыя амбасадары вярнуліся на радзіму.
У сёньняшняй нарадзе, акрамя Рыжанкова, удзельнічалі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты і старшыня КДБ Іван Тэртэль.
Рыжанкова Лукашэнка ахарактарызаваў як добрага прафэсіянала і вопытнага спэцыяліста. «Але ў характары ў яго ўсё роўна яшчэ ёсьць: вось гэты, гэты, гэты будуць працаваць, таму што мне зь ім зручна. Гэта ў яго ёсьць. Але, паварыўшыся ў гэтым катле, ён зразумее, што „зручна“ — гэта не заўсёды зручна і добра. Павінен быць прафэсіянал. Сказаў яму — ён арганізаваў справу і дае вынік».
Зьвяртаючыся да старшыні КДБ, Лукашэнка сказаў: «Вядома, мы разьлічваем на Максіма Ўладзіміравіча (Рыжанкова. — РС), што ў МЗС, Іван Станіслававіч (Тэртэль. — РС), ня будзе гэтых нягоднікаў, якія здраджвалі нам часта», — дадаў Лукашэнка.
Лукашэнка вызначыў прыярытэты беларускай дыпляматыі: «Калі эўрапейцы або амэрыканцы ня хочуць з намі супрацоўнічаць, ну чаго мы рвемся туды, што мы прызначаем туды людзей? Каб яны ахоўвалі будынак амбасады? Пераарыентаваліся на галоўныя нашыя гандлёвыя рынкі — СНД, далёкай дугі».
«Там, дзе далёкая дуга і іншае, людзі павінны быць моўныя. Прынамсі, хаця б ангельскую мову павінны ведаць. Але гэта ня значыць, што „ведаю ангельскую мову — гэта роўная дарога“. Не, ён павінен быць прафэсіяналам, павінен быць адданы свайму народу і дзяржаве чалавек».
Форум