Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 200 набліжаных да Крамля асобаў атрымалі пашпарты Сэрбіі і могуць бязьвізава езьдзіць у Эўразьвяз — матэрыялы расьсьледаваньня


Пашпарт Сэрбіі
Пашпарт Сэрбіі

Улады Сэрбіі з 2022 году па красавік 2025-га прынялі больш за 330 чалавек у грамадзянства краіны, сярод якіх 204 — грамадзяне Расеі. Ёсьць у сьпісе і зьвязаныя зь Беларусьсю.

Гэта стала магчымым дзякуючы адмысловаму ўказу аб прыняцьці ў грамадзянства за заслугі перад краінай, даведаліся «Важные истории». Расьсьледаваньне паказала, што многія з тых, хто атрымаў грамадзянства Сэрбіі за заслугі, зьвязаныя з абаронным комплексам Расеі, крамлёўскімі алігархамі, дзяржаўнымі карпарацыямі і нават спэцслужбамі. Ніводзін зь іх не знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах, што дазваляе свабодна падарожнічаць па сьвеце з сэрбскім пашпартам.

Напрыклад, сэрбскія пашпарты атрымліваюць функцыянэры, зьвязаныя з Фэдэрацыяй боксу Расеі (ФБР) і Міжнароднай асацыяцыяй боксу (IBA). Сярод такіх Умар Крамлёў, былы кіраўнік ФБР, а цяпер кіраўнік IBA. Ён шчыльна стасуецца з генэралам Фэдэральнай службы аховы Аляксеем Рубежным, зь якім ён пазнаёміўся ў пракрамлёўскім байкерскім клюбе «Начныя ваўкі».

Таксама грамадзянства Сэрбіі атрымалі некалькі блізкіх да Крамлёва асоб, сярод якіх трэнэр Аляксей Галееў, які працаваў зь вядомымі расейскімі боксэрамі. Да расейскай баксэрскай індустрыі належаць таксама намесьнік Умара Крамлёва ў IBA, функцыянэр з Паўночнага Каўказу Абдулмуталім Абакараў, чачэнскі баксэр Сумайд Халідаў, блізкі да Рамзана Кадырава, а таксама былы кіраўнік службы бясьпекі Расейскіх чыгунак і аховы бізнэсу алігархаў Аркадзя і Барыса Ротэнбэргаў Віктар Шэндрык.

Пашпарт Сэрбіі і бязьвізавы ўезд у ЭЗ імкнуліся атрымаць таксама мэнэджары і супрацоўнікі расейскіх абаронных прадпрыемстваў і іх сваякі. Найбольш масавая міграцыя датычыць людзей, зьвязаных з канцэрнам «Радыёэлектронныя тэхналёгіі» (КРЭТ), найбольшага вытворцы сыстэмаў РЭБ у Расе і авіёнікі для вайсковых самалётаў і верталётаў.

Ужо ў час поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны грамадзянства Сэрбіі атрымала Анастасія Колесава, дачка былога кіраўніка КРЭТа і экс-губэрнатара Амурскай вобласьці, які знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ, Мікалая Колесава. Цяпер ён узначальвае холдынг «Верталёты Расеі». Таксама грамадзянкай Сэрбіі стала маці Анастасіі Альбіна Колесава, якая да 2019 году працавала на Казанскім оптыка-мэханічным заводзе, вытворцы збройнай оптыкі.

Мае такі пашпарт і Сьвятлана Кійко — жонка генэрал-палкоўніка Міхаіла Кійко, былога намесьніка кіраўніка Фэдэральнай службы кантролю за абарачэньнем наркотыкаў. У 2016 годзе яна заняла чацьвертае месца ў рэйтынгу самых багатых жонак расейскіх чыноўнікаў, яна задэкляравала даход у 548 мільёнаў рублёў, што ў 156 разоў больш, чым у яе мужа.

Яшчэ адзін новы грамадзянін Сэрбіі зьвязаны зь Беларусьсю — Аляксей Лямін, кіраўнік гандлёвага дому «БелАЗ», які зьяўляецца дылерам прадукцыі беларускага прадпрыемства. Кампанія таксама супрацоўнічае з бабруйскім заводам «Белшына», які пастаўляе шыны для аўтамабіляў расейскага войска.

Сярод «новых сэрбаў» нямала расейцаў, якія маюць сувязь з эканамічнай эксплюатацыяй акупаваных тэрыторый Украіны. Адзін зь іх — Іван Сібіраў, ранейшы кіраўнік кампаніі «Стройтранснафтогаз», якая належала блізкаму сябру Пуціна Генадзю Цімчанку. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Сібіраў стаў саўладальнікам будаўнічай кампаніі «Р-строй», якая працуе ў акупаваных і разбураных акупантамі ўкраінскіх гарадах Марыюпаль і Севераданецк.

Сьвятлана Перавалава, якая разам з мужам, Віктарам Перавалавым, валодае часткай кампаніі «Высокаклясныя аўтамабільныя дарогі» (ВАД). Кампанія займаецца будаўніцтвам дарог у анэксаваным Крыме, у тым ліку пабудовай Керчанскага мосту і трасаў «Таўрыда» ад Сімферопаля да заходняга ўзьбярэжжа Крыму.

Сэрбскі пашпарт атрымаў і Дзьмітрый Сяргееў — сябар віцэ-прэм’ера і былога міністра сельскай гаспадаркі Расеі Дзьмітрыя Патрушава, сына генэрала Мікалая Патрушава, былога дырэктара ФСБ, экс-кіраўніка Рады бясьпекі Расеі і памочніка Пуціна.

Дасьледнік карупцыі Ільля Шуманаў мяркуе, што такая масавая выдача пашпартоў расейцам, зьвязаным з Крамлём і абароннай прамысловасьцю Расеі, магла быць часткай палітычных дамоўленасьцяў двух урадаў. У такім сцэнары ўрад Сэрбіі рызыкуе страціць пэрспэктывы эўраінтэграцыі, затое можа атрымаць ад Масквы інструмэнты кантролю ва ўмовах масавых антыўрадавых пратэстаў, якія не спыняюцца ў краіне з пачатку 2024 году, кажа Шуманаў.

Менавіта ў час пратэстаў адбыўся ўсплёск выдачы пашпартоў Сэрбіі расейцам. Летась 86 з 137 новых пашпартоў «за заслугі» былі выдадзеныя расейцам, больш за 30 зь іх непасрэдна ці ўскосна зьвязаныя з расейскімі ўладамі і бізнэс-гігантамі. Паралельна таму, як улады Сэрбіі выпісвалі гэтыя пашпарты, у Расею рэгулярна прыяжджаў сябар Мікалая Патрушава, віцэ-прэм’ер Сэрбіі Аляксандр Вулін. Ён праводзіў афіцыйныя перамовы з кіраўнікамі Службы зьнешняй выведкі і ФСБ, з самім Патрушавым, Сяргеем Шайгу, Сяргеем Лаўровым і чыноўнікамі МЗС.

«Думаю, гаворка таксама ідзе пра нефармальную фінансавую падтрымку, выдачу пазык і крэдытаў, якія пойдуць на падтрыманьне рэжыму. Плюс вельмі выгадныя кантракты з расейскімі кампаніямі. Прыцягненьне расейскіх інвэстыцый — гэта адзін з самых галоўных кручкоў, на якія можна падвесіць улады Сэрбіі. Там прысутнічае палітычная турбулентнасьць. І Расея, напрыклад, можа даць інструмэнты маніторынгу сацыяльных сетак. Усе аўтарытарныя практыкі, якімі Расея магла б падзяліцца, у Сэрбіі вельмі будуць запатрабаваныя. Пачынаючы ад сыстэмы маніторынгу, канчаючы паліттэхналёгіямі — напрыклад, ботафэрмы і гэтак далей», — разважае Шуманаў.

Цяпер ні экс-спэцназаўцу ФСБ Віктару Шэндрыку, ні мэнэджарам ключавых расейскіх абаронных прадпрыемстваў нішто не перашкаджае езьдзіць з пашпартам Сэрбіі бязь візы ў краіны Эўразьвязу, і ў Эўракамісіі тут няма інструмэнтаў кантролю, акрамя ціску. Журналісты сэрбскага выданьня KRIK накіравалі афіцыйны запыт ураду Сэрбіі з просьбай растлумачыць, у чым менавіта заключаюцца інтарэсы краіны ў наданьні грамадзянства пералічаным расейцам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG