Згодна з праектам закону аб зьменах у Падатковы кодэкс, сярод іншага плянуецца павялічыць стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы і алькаголь.
Таксама праектам прадугледжаная індэксацыя падатковых ставак на 2025 год: стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасьць, экалягічнага падатку, падаходнага падатку зь фізычных асоб у фіксаваных сумах праіндэксуюць на 5,4% — на прагнозны сярэднегадавы ўзровень інфляцыі ў 2025 годзе.
Як паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, таксама ў праекце закону прапанавалі зьняць абмежаваньне ў частцы аднаразовага маёмаснага выліку для шматдзетных сем’яў, якія будуюць ці набываюць жытло; пашырылі пералік маладых спэцыялістаў, якія атрымалі вышэйшую, навукова-арыентаваную сярэднюю спэцыяльную ці прафэсійна-тэхнічную адукацыю і маюць права на атрыманьне стандартнага падатковага выліку, а таксама прадугледзелі адмену «асобных малаэфэктыўных падатковых ільготаў» або іх трансфармацыю ў паніжаныя стаўкі.
Таксама ў першым чытаньні прыняты праект рэспубліканскага бюджэту на 2025 год. Бюджэт сфармаваны з дэфіцытам 4,459 млрд рублёў. Міністар фінансаў Юры Селіверстаў раней паведаміў, што практычна 1 млрд з дэфіцыту бюджэту на 2025 год плянуюць пагасіць за кошт «зьнешніх прыцягненьняў», прычым «частка гэтых сродкаў будзе прыцягнутая з Расеі ў выглядзе крэдыту».
Даходы рэспубліканскага бюджэту на 2025 год заплянаваныя ў памеры 45,835 млрд рублёў, а выдаткі — у 50,295 млрд рублёў. У параўнаньні з ацэнкай паступленьняў на 2024 год даходы павялічаныя на 8,1%, а выдаткі — на 12%.
Плянуецца, што асноўнымі крыніцамі падатковых даходаў рэспубліканскага бюджэту стануць падатак на даданую вартасьць, акцызы і падатковыя даходы ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці.
Як вынікае з раней апублікаванага праекту бюджэту, у ім закладзены далейшы рост выдаткаў на нацыянальную абарону, судовую ўладу, праваахоўную дзейнасьць і гарантаваньне бясьпекі. Яны павялічацца на 1,82 млрд рублёў. У бюджэце 2024 году гэтыя выдаткі таксама былі павялічаныя (на 1,4 млрд рублёў) у параўнаньні з папярэднім годам.
Акрамя гэтага, Палата прадстаўнікоў у двух чытаньнях прыняла праект бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) на 2025 год. Прыняты бюджэт павінен яшчэ ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандар Лукашэнка.
Бюджэт ФСАН сфармаваны з прафіцытам у памеры 501,8 млн рублёў, і ён на 9,8% большы, чым у 2024 годзе.
Даходы бюджэту ФСАН у 2025 годзе разлічаныя ў суме 32 млрд. 775,6 млн. рублёў (+10,7% да бюджэту на 2024-ы). Асноўную іх долю (98,2%) у структуры ўнёскаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаваньне складаюць абавязковыя страхавыя ўнёскі працадаўцаў і работнікаў.
Расходы бюджэту фонду разлічаныя ў суме 32 млрд. 273,8 млн. рублёў. Асноўную суму выдаткаў — 25 млрд. 888,2 млн. рублёў (80,2%) — прадугледжваецца накіраваць на фінансаваньне пэнсійнага забесьпячэньня.
Форум