Апублікаваны праект бюджэту на наступны год. Нягледзячы на рост эканомікі, дэфіцыт бюджэту ў 2025 годзе плянуецца на ўзроўні 4 млрд 459 млн рублёў.
Паступленьні ў бюджэт у 2025 годзе заплянаваныя ў суме 45 млрд 836 млн рублёў, а выдаткі — 50 млрд 295 млн рублёў. Гэта значыць, што дэфіцыт складзе амаль 4,5 мільярда рублёў.
Каб закрыць бюджэтную дзірку, урад мае намер прыцягнуць на ўнутраным рынку амаль 1,3 млрд рублёў, а таксама плянуе выкарыстаць зэканомленыя бюджэтныя грошы мінулых гадоў і шукаць крэдыты за мяжой.
Выдаткі на нацыянальную абарону заплянаваныя ў памеры 4 млрд 730 млн рублёў, зь якіх 4 млрд 470 млн рублёў пойдзе на абарону і Ўзброеныя сілы, а каля 145 млн рублёў — на мабілізацыйную падрыхтоўку і мабілізацыю.
У параўнаньні з 2024 годам выдаткі на абарону павялічваюцца на 1 млрд 150 млн рублёў.
На судовую ўладу, праваахоўную дзейнасьць і бясьпеку будзе вылучана 5 млрд 344 млн рублёў (+672 млн), у тым ліку:
- на органы ўнутраных справаў — 2 млрд 56 млн рублёў (+300 млн),
- органы пракуратуры — 198,4 млн рублёў (+36,8 млн),
- органы памежнай службы — 540,38 млн рублёў (+67 млн),
- органы і арганізацыі крымінальна-выканаўчай сыстэмы — 415,58 млн рублёў (+22 млн),
- органы дзяржаўнай бясьпекі — 454,8 млн рублёў (+62 млн),
- органы судовай улады — 251,49 млн рублёў (+33 млн),
- мытныя органы — 259,6 млн рублёў (+29 млн),
- органы надзвычайных сытуацыяў — 569,3 млн рублёў (+86 млн),
- іншыя пытаньні ў галіне праваахоўнай дзейнасьці і бясьпекі — 605,75 млн рублёў (+54,3 млн).
У бюджэце на 2024 год быў заплянаваны дэфіцыт у 4 млрд 751,1 млн рублёў — гэта рэкордны паказьнік за апошнія пяць гадоў.
Форум