Пра гэта заявілі актывісты ініцыятывы «Права на абарону», якія падрыхтавалі экспэртнае дасьледаваньне «Беларусь. Крызіс адвакатуры, працяг рэпрэсій 2022–2023».
Паводле аўтараў, з восені 2020 году пад затрыманьні і арышты на розныя тэрміны падпалі ня меней за 30 адвакатаў, зь іх 10 зазналі крымінальны перасьлед, сямёра абаронцаў дагэтуль за кратамі.
Таксама, паводле дасьледаваньня, з 2020 году больш за 140 адвакатаў страцілі ліцэнзіі і амаль тры сотні былі вымушаныя самі сысьці з прафэсіі, дзясяткі беларускіх абаронцаў мусілі зьехаць з краіны, асьцерагаючыся рэпрэсій. Цяпер у Беларусі працуюць 1616 прафэсійных адвакатаў.
У вязьніцах Беларусі цяпер знаходзяцца адвакаты
- Максім Знак (асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня),
- Віталь Брагінец (8 гадоў),
- Аляксандар Данілевіч (6 гадоў),
- Анастасія Лазарэнка (6 гадоў),
- Аляксей Бародка (6 гадоў),
- Натальля Буракоўская, якую летась асудзілі на 3 гады зьняволеньня.
- Юлія Юргілевіч (6 гадоў).
Абаронца Міхаіл Макараў, асуджаны на 1 год зьняволеньня, ужо адбыў пакараньне.
Паводле ініцыятывы «Права на абарону», усе асуджаныя адвакаты падпалі пад перасьлед у сувязі са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю.
Экспэртнае дасьледаваньне выкладзенае на 46 старонках тэксту, аўтары робяць сем галоўных высноваў і даюць шэсьць рэкамэндацый.
Апошняя сярод высноваў тая, што «ў Беларусі поўнасьцю не забясьпечаныя правы на абарону, доступ да адваката, да правасудзьдзя і да эфэктыўных сродкаў прававой абароны, а значыць, дзяржава не выконвае свае абавязаньні па артыкулах 2 і 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».
Аўтары дасьледаваньня прапануюць уладам, сярод іншага, «вызваліць усіх зьняволеных адвакатаў» і «аднавіць статус адвакатаў, якія былі пазбаўленыя права практыкаваць прафэсію з 2020 году».
З поўным тэкстам дасьледаваньня «Беларусь. Крызіс адвакатуры. Працяг рэпрэсій 2022–2023» можна пазнаёміцца тут.
Форум