Кіраўнік МЗС Даніі Лярс Лёкэ Расмусэн у інтэрвію выданьню Berlingske паведаміў, што Данія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў і ўнясе зьмены ва Ўказ аб іншаземцах, дзякуючы якім зьявіцца дадатковая прычына для выдачы беларусам «пашпартоў іншаземцаў» (праязных дакумэнтаў).
«Гэта азначае, што мы забясьпечым спакой беларусам, якія знаходзяцца ў Даніі, і я вельмі-вельмі рады гэтаму. Было б жахліва, калі б мы сказалі некаторым беларусам, якія цяпер у Даніі, што нам шкада, але яны мусяць наведаць Менск, каб падоўжыць пашпарты, калі мы ведаем, што гэта просты шлях у турму», — сказаў Расмусэн.
Дацкі міністар зрабіў заяву пасьля сустрэчы Расмусэна са Сьвятланай Ціханоўскай у Рэйк’явіку, дзе праходзіць сэсія Паўночнай Рады.
«Гэта значнае дасягненьне, якое вырашыць праблемы соцень нашых людзей, якія знайшлі бясьпечную гавань у Даніі. Мы глыбока шануем гэты жэст, а таксама рашэньне Даніі прызначыць спэцпасланьніка для працы з дэмакратычнымі сіламі. Гэта ўмацуе супрацоўніцтва і сувязі Даніі са свабоднай Беларусьсю», — сказала Ціханоўская.
За новым указам пра іншаземцаў стаіць Міністэрства інтэграцыі, зьмены ўнясуць у лістападзе.
Расмусэн дадаў, што для актуалізацыі заканадаўства патрабавалася палітычная воля, але і яе было мала — неабходна было знайсьці слушнае юрыдычнае абгрунтаваньне рашэньню.
У Даніі пастаянна або часова пражываюць каля 640 беларусаў. У некаторых ужо скончыўся часовы дазвол на жыхарства і пачаліся праблемы зь легалізацыяй у краіне.
Форум