Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папулярны ў беларусаў банк Польшчы зрабіў больш жорсткімі ўмовы адкрыцьця рахунку іншаземцам


Ілюстрацыйнае фота. Польскі сьцяг на фоне прэзыдэнцкага палаца ў Варшаве
Ілюстрацыйнае фота. Польскі сьцяг на фоне прэзыдэнцкага палаца ў Варшаве

Нядаўна беларусы пачалі скардзіцца ў сацсетках, што самы ляяльны польскі банк PKO Bank Polskі цяпер патрабуе дадатковыя дакумэнты для адкрыцьця рахунку. У банку пацьвердзілі: правілы адкрыцьця рахунку для іншаземцаў зьмяніліся, піша «Белсат».

Доўгі час менавіта «PKO Bank Polskі» быў адзіным банкам, дзе адкрыць рахунак можна было проста пры наяўнасьці дакумэнта, што сьведчыць асобу. Але зь мінулага тыдня ўсё зьмянілася. Беларусы пачалі паведамляць у сацсетках, што пры адкрыцьці рахункаў у «PKO Bank Polskі» банк патрабуе шэраг дадатковых дакумэнтаў.

«У мяне запатрабавалі арыгіналы ўмовы аб працы, карту побыту і дэцызію [пастанову аб дазволе на жыхарства]. (...) Кансультант сказала, што інакш рахунак не адкрыць — новыя правілы ў банку», — піша Аляксей з Уроцлава.

Кацярына расказала, што ёй на днях адмовілі ў адкрыцьці рахунку ў банку PKO ў Варшаве. «Матывавалі тым, што ў банк прыйшло ўказаньне адкрываць рахунак толькі з картай побыту. Гэта значыць, для ДНЖ пакажыце сродкі на рахунку, а для сродкаў на рахунку пакажыце ДНЖ? Трызьненьне нейкае!» — скардзіцца Кацярына.

«У мяне папрасілі карту побыту, мэльдунак [прапіску] і дакумэнт, які пацьвярджае неабходнасьць адкрыцьця рахунку. Сказалі, падыдзе любы дакумэнт аб працы. Вось толькі мэльдунку ў мяне ніякага няма, таму вырашыла паспрабавала шчасця ў іншым аддзяленьні на наступны дзень. Спрацавала: там папрасілі толькі дамову аб працы і пашпарт», — расказвае Сьвятлана з Кракава.

У службе падтрымкі банку PKO «Белсату» адказалі, што канкрэтнага сьпісу дакумэнтаў для адкрыцьця рахунку даць ня могуць — для гэтага трэба зьвяртацца да дарадцы ў банку.

«Змены зьявіліся на мінулым тыдні, яны тычацца ўсіх замежнікаў у Польшчы. Цяпер для адкрыцьця рахунку патрэбныя як мінімум два дакумэнты: пасьведчаньне асобы і дакумэнт, які пацьвярджае неабходнасьць адкрыцьця рахунку: umowa o pracę, umowa zlecenia або umowa o dzieło [тыпы працоўных пагадненьняў у Польшчы]. Прапіска і PESEL не патрэбныя, але дарадца мае права запатрабаваць дадатковыя дакумэнты», — растлумачылі ў службе падтрымкі «PKO Bank Polski».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG