На 75-м годзе жыцьця памёр беларускі паэт Мікола Трафімчук. Прычына сьмерці — двайны інсульт і інфаркт. Інфармацыю пра сьмерць паэта Свабодзе пацьвердзілі ягоныя сябры.
Мікола Трафімчук нарадзіўся 3 студзеня 1950 года ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёну. У 1975 годзе скончыў філалягічны факультэт Берасьцейскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытута.
Пасьля працаваў у рэдакцыях раённых газэт, на берасьцейскай тэлевізіі, у газэтах «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 1994 года.
У 2005 годзе Трафімчук стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха «Гоман».
Друкаваўся з 1970 году. Першая асобная кніга паэта «Трываньне» выйшла ў 1990 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». пасьля былі яшчэ зборнікі вершаў «Траекторыя» (1992), «Фэст, альбо Трыяда» (1993), «Нішта ня вернецца ніколі» (1995), «Любіць Бог Беларусь» (1996) і іншыя.
Многія вершы Мікалая Трафімчука пакладзеныя на музыку: «Драгічынскі вальс», «Павуцінка», «Бацькоўскі сад», «Слуцкі казачок» і інш. Дарэчы, і сам паэт, акрамя пісаньня вершаў, умеў іграць на гармоніку, які заўсёды браў на аўтарскія сустрэчы, выконваючы пад яго аўтарскія песьні.
Форум