Дату выбараў прызначылі на 26 студзеня рашэньнем Палаты прадстаўнікоў, выбары ў якую на Захадзе не прызналі. Латушка раскрытыкаваў увесь працэс.
«Яшчэ раз падкрэсьліваю, што ў Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзеньня выбараў. Дадзенае дзейства, якое плянуе арганізаваць Лукашэнка, нельга назваць інакш, як спробай перапрызначыць самога сябе ў чарговы раз на ўзурпаваную пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Па-першае, у турмах рэжыму знаходзяцца тысячы палітзьняволеных. Сярод іх былыя кандыдаты на пасаду ў папярэдняй выбарчай кампаніі. Па-другое, у Беларусі зьліквідаваныя ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Па-трэцяе, у Беларусі зьліквідаваныя ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі. Па-чацьвёртае, у Беларусі зьліквідавана больш за 1700 няўрадавых арганізацый, што складае больш за 50% усіх няўрадавых арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі на пэрыяд 2020 году.
У Беларусі створана атмасфэра страху і тэрору, што не дазваляе казаць аб магчымасьці арганізацыі свабоднай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта і правядзеньня выбарчых кампаній. Лукашэнка баіцца свайго народу, таму, як і з інаўгурацыяй у 2020 годзе, трымаў дату выбараў у таямніцы і прызначыў яе спотайку.
Лукашэнка чыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненьні беларускага народу, падазраецца ва ўчыненьні ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і акту агрэсіі. Яму месца не на пасадзе прэзыдэнта, а ў Міжнародным крымінальным судзе».
Латушка заклікаў усіх дэмакратычных партнэраў заявіць аб немагчымасьці правядзеньня сумленных выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у той атмасфэры страху і тэрору, якая створана ў краіне.
Кіраўніца АПК Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што прызначаныя выбары «бутафорскія», ніякага рэальнага выбарчага працэсу няма, паколькі вакол пануе атмасфэра дзяржаўнага тэрору.
Палітык заявіла, што на выбарах ня будзе сапраўды незалежных кандыдатаў і назіральнікаў. Беларусаў і прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці яна заклікала ня ўдзельнічаць у «фарсе».
Форум