Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі выбары прэзыдэнта прызначылі на 26 студзеня 2025 году. Экспэрт патлумачыў, ці не зарана гэта


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. 

Выбары прызначаныя нашмат раней, чым можна было чакаць, паколькі папярэднія адбыліся ў жніўні 2020 году. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка, які выступаў у Палаце прадстаўнікоў з гэтай нагоды, заявіў:

«Заканадаўства не зьмяшчае ўказаньня на канкрэтны дзень правядзеньня выбараў прэзыдэнта, як, напрыклад, адзіны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў, які праводзіцца ў апошнюю нядзелю лютага. Асноўны закон не забараняе праводзіць выбары раней, ён забараняе праводзіць іх пазьней за ўстаноўлены тэрмін. На думку Цэнтральнай выбарчай камісіі, аптымальнай датай для правядзеньня выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь бачыцца 26 студзеня 2025 году».

Юрыст Аляксандар Шлык, адзін з аўтараў курсу ініцыятывы «Справа выбару», заявіў Свабодзе з гэтай нагоды:

«У працэдуры прызначэньня выбараў парушэньняў няма. Вядома, нехта можа спэкуляваць, кажучы, што выбары прызначылі ня ў ліпені, а ў студзені, каб галовы людзей былі занятыя сьвятамі і іншымі клопатамі, каб было холадна пратэставаць у выпадку чаго, але зь юрыдычнага боку тут усё ў парадку.

Вядома, подпісы за патэнцыйных кандыдатаў трэба будзе зьбіраць у халодны час году. Мы ведаем, што гэта рабіць складаней фізычна, ды й часу застаецца няшмат. Зрэшты, варта дачакацца, калі ЦВК апублікуе поўны графік усіх перадвыбарных працэсаў, па датах. Тады карціна стане больш зразумелай. Ня думаю, што прызначэньне выбараў на 26 студзеня стала нейкім сюрпрызам для тых, хто ва ўладзе. Мяркую, што тэхнічныя кандыдаты, якія плянуюць удзельнічаць у выбарах, як і іншыя ўдзельнікі працэсу, ЦВК, ужо даўно ведалі дату выбараў, толькі цяпер абвясьцілі яе для ўсяго грамадзтва».

Сёлета ў верасьні Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў пытаньні прызначэньня даты выбараў. Але той раз яе не абвясьцілі.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка тады заявіў, што дату вызначаць па выніках кансультацый пасьля адкрыцьця сэсіі 17 верасьня. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што да вызначэньня даты правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і пэрыяду выбарчай кампаніі трэба паставіцца «ўдумліва».

Рэакцыя апазыцыі: «Заклікаем беларусаў і міжнародную супольнасьць адрынуць гэты фарс»

Сьвятлана Ціханоўская назвала маючае адбыцца галасаваньне «фальсыфікацыяй»:

«Лукашэнка абвясьціў дату свайго „перавыбраньня“ — 26 студзеня. Гэта бутафорыя без рэальнага выбарчага працэсу, якая праводзіцца ў атмасфэры тэрору. Ніякіх альтэрнатыўных кандыдатаў і назіральнікаў не дапусьцяць. Мы заклікаем беларусаў і міжнародную супольнасьць адрынуць гэты фарс».

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка пракамэнтаваў прызначэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі:

«У Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзеньня выбараў. Гэтае дзейства, якое плянуе арганізаваць Лукашэнка, нельга назваць інакш, як спробай перапрызначыць самога сябе ў чарговы раз на ўзурпаваную пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

У турмах рэжыму знаходзяцца тысячы палітзьняволеных. Сярод іх былыя кандыдаты на пасаду ў папярэдняй выбарчай кампаніі. Па-другое, у Беларусі зьліквідаваныя ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Па-трэцяе, у Беларусі зьліквідаваныя ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі. Па-чацьвертае, у Беларусі зьліквідавана больш за 1700 няўрадавых арганізацый, што складае больш за 50% усіх няўрадавых арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі на пэрыяд 2020 году.

У Беларусі створана атмасфэра страху і тэрору, што не дазваляе казаць аб магчымасьці арганізацыі свабоднай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта і правядзеньня выбарчых кампаній.

Лукашэнка чыніць масавыя рэпрэсіі ў дачыненьні беларускага народу, падазраецца ва ўчыненьні ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і акту агрэсіі. Яму месца не на пасадзе прэзыдэнта, а ў Міжнародным крымінальным судзе».

Латушка заклікаў усіх дэмакратычных партнэраў заявіць аб немагчымасьці правядзеньня чэсных выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у той атмасфэры страху і тэрору, якая створана ў краіне.

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Свабодзе назваў гэтую выбарчую кампанію спэцапэрацыяй па ўтрыманьні ўлады Лукашэнкам, на якой ён хоча перагарнуць старонку 2020 году.

Старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі ў інтэрвію Свабодзе з гэтай нагоды сказаў:

«Няма ніякай розьніцы, калі праводзіць тыя выбары, калі ня будзе рэальных выбараў, а будзе імітацыя. Бо няма ніякіх магчымасьцяў вылучыцца кандыдатам, шмат хто ў турме, у краіне рэпрэсіі, штодзень арыштоўваюць можа і дзясяткі чалавек. Плюс ня будзе ніякіх назіральнікаў, незалежных мэдыя і справядлівага падліку галасоў.

А самае галоўнае, што нічога не залежыць ад выніку такога фэйкавага мерапрыемства. Гэта ўсе напэўна разумеюць, таму і няважна, на які дзень яно прызначана. Гэта ня стане нейкім пунктам павароту, і нам трэба далей працягваць змаганьне за справядлівыя выбары».

Выбары ва ўмовах масавых рэпрэсій

На 23 кастрычніка ў Беларусі 1300 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі, звыш 7000 чалавек асуджаныя з палітычных матывах у Беларусі з 2020 году.

Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы амаль 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі.

Амаль чвэрць з гэтых людзей — жанчыны.

Як мінімум 2336 чалавек былі асуджаныя на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію».

Праваабаронцы адзначаюць, што гэта толькі тыя людзі, пра якіх вядома праваабарончым арганізацыям — агулам жа фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі значна больш.

На 23 кастрычніка ў турмах Беларусі застаецца 1300 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Колькасць асуджаных з палітычных матываў значна большая.

  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасьля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.
  • Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
  • Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні.
  • Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў 22 кастрычніка заявіў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку спробаў дэстабілізацыі ў часе выбараў прэзыдэнта ў 2025 годзе, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG