Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка.
Выбары прызначаныя нашмат раней, чым можна было чакаць, паколькі папярэднія адбыліся ў жніўні 2020 году. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
Старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі з гэтай нагоды адказаў на пытаньні Свабоды.
— Як вы ацэньваеце гэтую дату выбараў з пункту гледжаньня календара, палітычнага моманту? Пра што вам кажа такі выбар Палаты прадстаўнікоў?
— А няма ніякай розьніцы, калі праводзіць тыя выбары, калі ня будзе рэальных выбараў, а будзе імітацыя. Бо няма ніякіх магчымасьцяў вылучыцца кандыдатам, шмат хто ў турме, у краіне рэпрэсіі, штодзень арыштоўваюць, можа, і дзясяткі чалавек. Плюс ня будзе ніякіх назіральнікаў, незалежных мэдыя і справядлівага падліку галасоў. А самае галоўнае, што нічога не залежыць ад выніку такога фэйкавага мерапрыемства. Гэта ўсе напэўна разумеюць, таму і няважна, на які дзень яно прызначана. Гэта ня стане нейкім пунктам павароту, і нам трэба далей працягваць змаганьне за справядлівыя выбары.
— Казалі пра магчымае прызначэньне выбараў на 23 лютага, а яны адбудуцца на месяц раней. Усё ж чымсьці ўлады кіраваліся, калі гэта рабілі. Як вы думаеце?
— Часта чуў ад палітыкаў ды ад журналістаў, што чакалі зьвестак пра гэтую дату. Але якая была насамрэч інфармацыя? Ня варта думаць, што калі хтосьці нешта сказаў, дык так і будзе, бо не было ніякай дакладнай інфармацыі. Нават BelPol, які распаўсюдзіў гэтыя зьвесткі пра 23 лютага, сам казаў, што ёсьць такая інфармацыя, але пацьвердзіць яе няма як.
— Як вы думаеце, а самі ўлады пасьпеюць за гэтыя тры месяцы, што засталіся, арганізаваць кампанію гэтак, каб яна хаця б звонку выглядала паўнавартаснай?
— Ды яны могуць увогуле нічога не рабіць. Калі праводзіць паўнавартасную кампанію, агітаваць людзей, правесьці вылучэньне, дык сапраўды патрэбны час. Але ніякай канкурэнцыі на гэтых выбарах ня будзе. Таму што значыць «ці пасьпеюць»? Ім дастаткова разгарнуць выбарчыя ўчасткі, загнаць туды людзей і паказаць, што адбыліся выбары. Ніякіх праблем для тых, хто ня хоча праводзіць сапраўдных выбараў, а толькі імітацыю, няма. Гэта хоць праз тыдзень магчыма зрабіць, бо значна лягчэй, чым арганізаваць сапраўдныя выбары.
— Нядаўна вы маглі назіраць, як праводзяць выбары ў Літве. Тут і для парлямэнцкіх, і для прэзыдэнцкіх выбараў законам вызначаны пэўны дзень. На вашу думку, ці такі прыклад варты перайманьня?
— Шмат у якіх краінаў дзень выбараў вызначаны ў законе, і тады ўсе ведаюць, калі яны адбудуцца. Вось і ў ЗША ў першы тыдзень лістападу праз кожныя чатыры гады выбіраюць прэзыдэнта, што вядома ўсім. І гэта мае сэнс. Калі ўзьнікае патрэба ў пазачарговых выбарах, дык іх можна прызначыць асобна, але калі гаворка пра чарговыя выбары, дык лепш за ўсё, каб іх тэрмін быў вызначаны. Дарэчы, у праекце Канстытуцыі новай Беларусі якраз так і зроблена. Там вызначаны тэрмін новых выбараў, каб не было ніякіх маніпуляцый ні зь якога боку. Гэта восень, а дакладны дзень я ня памятаю, трэба паглядзець праект.
— І ўсё ж, для вас асабіста гэта была навіна — прызначэньне выбараў на 26 студзеня?
— Зразумела, што навіна. Улады маглі прызначыць дзень выбараў да 20 ліпеня, але мы меркавалі, што хутчэй гэта будзе ў пачатку году і рыхтавалі супольную пазыцыю, узгаднілі яе. Цяпер рыхтуецца палітычная заява апазыцыйных сіл. Мы будзем праводзіць агітацыйную кампанію, каб дапамагчы людзям лепш зразумець, што адбываецца і чаму. Мяркую, сёньня-заўтра заява зьявіцца.
Яна зараз на разглядзе ў Каардынацыйнай радзе. Каардынацыйная рада абмяркоўвала гэтую тэму сур’ёзна, здаецца, ужо пару тыдняў, і вось зараз будзе галасаваньне. А праект падрыхтаваны супольна рознымі арганізацыямі. Рыхтавалі заяву офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада, аднак у камунікацыі са значна большым колам дэмакратычных арганізацый. Галоўнае — узгадніць асноўныя элементы стратэгіі.
Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасьля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.
- Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
- Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.
- Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў 22 кастрычніка заявіў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку спробаў дэстабілізацыі ў часе выбараў прэзыдэнта ў 2025 годзе, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
Форум