Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 10 кастрычніка: ксяндза Бараўнёва арыштавалі на 10 содняў; у Рагачове судзяць дырэктара школы


Суд у Рагачове. Архіўнае фота
Суд у Рагачове. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Ксяндза Юрыя Бараўнёва арыштавалі на 10 дзён

Ксёндз-канонік Юры Бараўнёў, сьвятар парафіі Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне, арыштаваны на 10 содняў. Яго судзілі паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»), паведамляе «Хрысьціянская візія».

Юрыя Бараўнёва затрымалі 7 кастрычніка.

У Віцебскай вобласьці найчасьцей затрымліваюць каталіцкіх сьвятароў. Усяго з 2020 году праз адміністрацыйныя арышты прайшоў 31 ксёндз, зь іх 13 зь Віцебскай дыяцэзіі.

Затрыманьні ў Глыбокім

Зьявілася інфармацыя пра як мінімум траіх затрыманых за ўдзел у пратэстах 2020 году ў Глыбокім, піша «Медиазона».

Відэа з затрыманымі апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал. На камэру адзін з затрыманых гаворыць, што ў жніўні ўдзельнічаў у пратэстах разам з маці. Яшчэ адзін затрыманы кажа, што перакрываў дарогу і перашкаджаў праезду транспарту.

«Медиазона» знайшла ў сацыяльных сетках конт аднаго з затрыманых, ён там падпісаны як Віталь Жыла. Паводле якога артыкулу затрымалі траіх жыхароў Глыбокага і дзе яны цяпер, невядома.

У Рагачове звольнілі і судзяць дырэктара школы

У Рагачове звольнілі з працы дырэктара сярэдняй школы № 4 Аляксандра Лейкіна, шматгадовага кіраўніка адукацыйнай установы і вядомага краязнаўцу, паведаміла «Вясна».

На 11 гадзін 10 кастрычніка ў судзе Рагачоўскага раёну быў заплянаваны разгляд справы Аляксандра Лейкіна, якога вінавацяць у распаўсюдзе, вырабе, захоўваньні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, што «зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе такую дзейнасьць».

Вядома, што Аляксандра Лейкіна перасьледуюць за падабайкі пад нейкімі допісамі ў сацыяльных сетках.

Дырэктара рыелтарскага агенцтва ў Віцебску судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

У Віцебску 9 кастрычніка за «экстрэмізм» судзілі дырэктара мясцовага рыелтарскага агенцтва Барыса Аўлукова, паведамляе тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю».

Паседжаньне праходзіла ў судзе Кастрычніцкага раёну, яго вёў Уладзімер Царыкаў. Барыса Аўлукова абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Чым скончыўся працэс, праваабаронцам невядома.

Паведамляюць, што Аўлукоў шмат гадоў працуе ў сфэры рыелтарскіх паслуг, ён дырэктар агенцтва «Пэрсанальны рыелтар Нерухомасьць». У інтэрнэце шмат водгукаў пра яго як пра сапраўднага прафэсіянала. Таксама мужчына вядзе свой TikTok, там дзеліцца парадамі і апавядае цікавыя нюансы куплі й продажу нерухомасьці.

Затрыманага на мяжы зь Літвой беларуса будуць судзіць паводле 4 крымінальных артыкулаў

64-гадовы Аляксандар Судніковіч доўгі час жыў у штаце Флёрыда, ЗША. У канцы траўня яго затрымалі беларускія сілавікі пры спробе незаконна перасекчы мяжу зь Літвой разам зь іншым грамадзянінам Беларусі Андрэем Пупкевічам, піша «Вясна».

На прымусовым відэа сілавікоў Судніковіч сказаў, што ў 2021 годзе пакідаў камэнтары з ухваленьнем дзеяньняў Андрэя Зельцара, які загінуў падчас перастрэлкі з супрацоўнікам КДБ Дзьмітрыем Федасюком.

Цяпер стала вядома, што Аляксандра Судніковіча абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 361-1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»),
  • ч. 1 арт. 130 КК («распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»),
  • ч. 2 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»),
  • арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»).

Суд над ім распачнецца 1 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс будзе весьці судзьдзя Яўген Хаткевіч.

У Менску за «абразу Лукашэнкі» будуць судзіць гукарэжысэра

У судзе Савецкага раёну Менску 22 кастрычніка будуць судзіць Дзьмітрыя Фаміна. Яго абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі». Паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу яму пагражае да чатырох гадоў калёніі, паведамляе «Вясна».

Вядома, што мужчыну трымаюць у СІЗА. Справу супраць дзеяча культуры будзе разглядаць Алена Жуковіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG