Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двойчы рэпрэсаваныя. Чаго чакаць ад кампаніі «дэрэабілітацыі» ахвяраў сталінізму


Крыжы ў Курапатах пад Менскам, на месцы расстрэлаў ахвяіаў сталінізму. Архіўнае фота
Крыжы ў Курапатах пад Менскам, на месцы расстрэлаў ахвяіаў сталінізму. Архіўнае фота

Сьледам за пракуратурай у Беларусі, якая вядзе кампанію перасьледу нацыстаў зь нямецкага боку Другой сусьветнай і нават асудзіла аднаго, даўно памерлага сваёй сьмерцю дзесьці ў эміграцыі, за справу ўзяліся ў Расеі — больш маштабна і ўсебакова.

Расейскі генпракурор загадаў правесьці «дэрэабілітацыю» ня толькі нацыстаў, але і ахвяраў сталінізму. Як вынікае з загаду, уключыць у сябе гэты працэс і «саюзную» Беларусь.

Задачу падаюць як прыярытэтную, актуальную і масавую, на што зьвяртаюць увагу расейскія гісторыкі і праваабаронцы на праўрадавым партале Lenta.ru. Навошта гэта робіцца і чым закончыцца?

Сьцісла:

  • «Дэрэабілітацыя» характарызуе не даўно памерлага «фігуранта», а палітыку цяперашняй улады.
  • Цяпер, калі ў Беларусі і Расеі на дзяржаўным узроўні вядзецца перасьлед іншадумства, перагляд справаў іншадумцаў сталінскага часу ня можа быць ані аб’ектыўным, ані справядлівым.
  • Калі ў Расеі рэсталінізацыя можа паспрыяць гуртаваньню людзей вакол улады, дык у Беларусі, наадварот, яна паспрыяе далейшаму адасабленьню расейскай па сутнасьці дыктатуры ад беларускай нацыі і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.
  • У Беларусі гэта будзе чарговы наступ русыфікацыі. Носьбіты беларускай самабытнасьці, рэпрэсаваныя за Сталіным і апраўданыя за Хрушчовым, будуць ізноў абвяшчацца злачынцамі.

Улады ня маюць пераемнасьці ў палітыцы

Можна сабе ўявіць, якая армія пракурорскай публікі зараз унурыцца ў архівы, у пошукі сьведак, у складаньне «дел» дзеля справы, якая ня мае ніякай практычнай карысьці для разумнага руху наперад.

Кожнаму зразумела, што «дэрэабілітацыя» ніякім чынам не датычыць памерлага фігуранта справы дый нікому зь ягоных наступнікаў не палепшыць жыцьця. Наадварот. Цяпер, калі ў Беларусі і Расеі на дзяржаўным узроўні вядзецца перасьлед іншадумства, перагляд справаў іншадумцаў сталінскага часу ня можа быць ані аб’ектыўным, ані справядлівым.

Гаворка ідзе не аб прэцэдэнце ці асобных выпадках, а пра дзяржаўную палітыку. Улада што ў Беларусі, што ў Расеі ня мае пераемнасьці, а значыць, і пэўнай лініі паводзін, прадказальнасьці. Замест гэтага — вечныя скокі: тыранія — адліга — тыранія, рэпрэсіі — рэабілітацыя — дэрэабілітацыя... То бок не прадбачыцца і пераемнасьці ў палітыцы сёньняшняй улады, а будзе чарговы скок у іншы бок.

Усе нацыі — нацыяналісты. Апроч расейцаў

Як заўважыў расейскі гісторык-камэнтатар новага загаду, «дэрэабілітацыя закране найперш бандэраўцаў, уласаўцаў і „лясных братоў“ — тых, хто змагаўся са зброяй у руках, быў абвінавачаны ў нацыяналізьме і ўдзеле ў нацыяналістычных арганізацыях».

Ня ведаю, ці быў нехта абвінавачаны ў нацыяналізьме ў Расеі. Гучыць гэта прынамсі нязвыкла. Калісьці Ленін ужываў у дачыненьні да расейцаў адпаведны тэрмін — «вялікадзяржаўны шавінізм». Але гэтыя словы ў Расеі забылі, як амаль забылі і самога Леніна. Цяпер расейцы ўяўляюць сябе «чыстымі» і ад шавінізму, і ад нацыяналізму.

Сапраўды, у Расеі фактычна няма нацыяналізму і нацыі ў звычайным разуменьні словаў, а ёсьць імпэрыялізм і імпэрскі народ. Нацыяналізм — гэта пра ўкраінцаў, літоўцаў, беларусаў ды іншых, у якіх усё нацыянальнае, паводле імпэрцаў — нацыяналістычнае і таму для імпэрыі варожае, нават бяз зброі ў руках.

Міжволі назіраю будзённае жыцьцё ў Літве, дзе пасьля адасабленьня ад Расеі ўсё стала не нацыяналістычным, а проста літоўскім. А пры тым ёсьць устойлівы плюралізм думак, рэальныя выбары ўлады, вяршэнства закону і проста нармальнае жыцьцё. Тут, вядома, спрачаюцца пра гістарычных асобаў, зьявы і іх ацэнкі, але робяць гэта не пракуроры, а пісьменьнікі, гісторыкі культуры, палітыкі. Між тым даўно праведзеная рэстытуцыя — людзям вярнулі іх спадчынную маёмасьць, якую адабрала ў свой час савецкая ўлада. А яшчэ ў Літве ёсьць асобы, якія маюць аўтарытэт у грамадзтве, да якіх прыслухоўваюцца ўсе (і гэта не пракуроры ці ўлада), — страчаная ў Беларусі раскоша.

Расстраляны — рэабілітаваны?

Мяне, шчыра кажучы, заўсёды бянтэжыў зьбег гэтых двух словаў у канцы энцыкляпэдычнага артыкулу: «расстраляны» — «рэабілітаваны». Максім Гарэцкі — пісьменьнік найпершае вартасьці, ягоная літаратура — цэлы беларускі сусьвет, які дадзены пакаленьням беларусаў на ўсю іх будучыню. Толькі за гэта і расстраляны. А для чаго рэабілітаваны? Можна разумець, для спрашчэньня нейкіх бытавых клопатаў ягоных сваякоў. Але пры чым тут ён сам, літаратурны клясык? Ён праз гэта не ажыў. Дзеля чаго гэтая рэабілітацыя ў энцыкляпэдыях? Сваякам хапіла б архіўнай даведкі. Суцэльная недарэчнасьць. Як і тое, што рэабілітаваны ён быў у 1957 годзе, а праз 20 гадоў мы студэнтамі даведаліся, што большасьць ягоных твораў па-ранейшаму забароненыя і прачытаць іх маглі толькі ў аддзеле рэдкай кнігі акадэмічнай бібліятэкі ў Вільні, дзе яны ў свой час і друкаваліся. Вось такая рэабілітацыя. Абсалютна ня вартая таго, каб пра яе згадваць у энцыкляпэдыі. А цяпер яе могуць яшчэ і адмяніць. Быццам зноў зробяць яго «вінаватым», гэта значыць злачынцам, які нарабіў дзялоў на цэлы расстрэл, а насамрэч усяго толькі пісаў непаўторныя і цалкам гуманістычныя кнігі. Меў, вядома ж, па цяперашніх мерках, «экстрэмісцкія» погляды, як і кожны ўсьвядомлены беларус.

А цяпер уявіце, што такім чынам у 1930-я была фізычна зьнішчаная ўся жывая і вартая ўвагі беларуская літаратура — за выключэньнем пары-тройкі пісьменьнікаў расстралялі ці «закрылі» ў канцлягер усіх. І ад таго, што пісьменьнікаў рэабілітавалі пасьля сьмерці Сталіна, яны хаця б зноў зьявіліся ў друку, іх сталі чытаць, вывучаць. Цяпер той рэабілітацыі іх могуць пазбавіць і яны зноў стануць злачынцамі.

Як, напрыклад, і сотні тысяч беларускіх сялян, расстраляных як польскія шпіёны толькі таму, што жылі каля польскай мяжы або запісаліся палякамі. Ці як сотні тысяч «кулакоў», у якіх адабралі маёмасьць, а саміх саслалі ў Сібір, пасьля рэабілітавалі, а цяпер раскулачаць ізноў, ужо мёртвых.

Няма канца гэтаму пераліку «катэгорыяў» рэпрэсаваных і рэабілітаваных беларусаў. Некалі на сайце Свабоды мы надрукавалі зьвесткі пра 60 тысяч такіх лёсаў — дзясятую частку ад афіцыйна прызнаных незаконна рэпрэсаванымі. https://www.svaboda.org/a/27590007.html І што цяпер, кожную справу перагледзяць і кожнага «дэрэабілітуюць»?

Пад акупацыяй і пасьля

Гэта праўда, што перад вайной Беларусь засталася без жывой літаратуры і культуры ў цэлым. Аднавіць творчасьць мусіла новае пакаленьне. І яно гэта спрабавала рабіць — падчас вайны, ва ўмовах акупацыі. Да прыкладу, першы беларускі раман пра Другую сусьветную вайну быў напісаны Антонам Адамовічам у Менску і называўся «Каханы горад».

Па вайне ўся гэтая культура мусіла выехаць за заходнюю мяжу. Эміграцыя стала тым адзіным прыстанкам, дзе ўласна і стваралася беларуская культура. Дома было выпаленае поле і толькі парасткі новага пакаленьня беларушчыны. Савецкая ўлада лічыла эмігрантаў ворагамі, але рэпрэсаваць не магла — бракавала даўжыні рук. Не магла і рэабілітаваць, каб цяпер тую рэабілітацыю скасаваць. У самой Беларусі ў тыя часы масава хапалі і судзілі моладзь.

Многія тысячы маладых людзей падпольна займаліся асьветніцтвам, пашырэньнем роднае мовы ды беларускай тоеснасьці, што савецкая ўлада разумела як барацьбу супраць самой сябе. Сябры маладзёвых паваенных арганізацыяў «Саюз беларускіх патрыётаў», «Чайка» і падобных былі адпраўленыя ў ГУЛАГ, як правіла, на 25 гадоў, пасьля рэабілітаваныя (бо ніякіх, уласна, злачынстваў не рабілі). Цяпер жа іх што — зноў перавядуць у разрад злачынцаў?

Яшчэ адна беларуская бяда — супрацоўніцтва зь немцамі. У Расеі мусілі жыць пад акупацыяй людзі на зусім нязначных тэрыторыях. У Беларусі пад акупацыяй жылі ўсе. Настаўнікі, лекары, пекары, інжынэры, будаўнікі — усе трапляюць у катэгорыю супрацоўнікаў зь немцамі. Усе сталіся злачынцамі толькі таму, што былі беларусамі ў Беларусі. Хрушчоўская рэабілітацыя быццам бы выправіла гэтую несправядлівасьць. І вось цяперашняя «дэрэабілітацыя» нібы вяртае ім кляймо супрацоўнікаў з акупантамі. Паўтаруся, гаворка ідзе пра абсалютную большасьць беларусаў, якія ніякіх уласна злачынстваў ці шкоды камусьці не рабілі.

У дачыненьні да расейцаў новая пракурорская кампанія ня стане выклікам імпэрскаму народу, наадварот, яна можа яшчэ больш скансалідаваць гэты народ вакол агрэсіўнае ўлады. У дачыненьні да беларускае нацыі, наадварот, кампанія стане чарговым наступам расейскай па сутнасьці дыктатуры. Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што носьбіты беларускай самабытнасьці, рэпрэсаваныя за Сталіным і апраўданыя за Хрушчовым, будуць ізноў абвяшчацца злачынцамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG