З пачатку 2024 году супрацоўнікі міліцыі забралі ў жыхароў Беларусі каля 2 тысячы адзінак зброі і звыш 60 тысяч боепрыпасаў, вынікае з камэнтара начальніка аддзелу ўпраўленьня прафіляктыкі Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку Дзьмітрыя Язэпчыка, які публікуе МУС Беларусі.
«З пачатку бягучага году з абароту выключана больш за 400 адзінак незарэгістраванай зброі і каля 43 тысяч боепрыпасаў рознага калібру. Добраахвотна здадзена звыш 450 адзінак і каля 20 тысяч адпаведна. За розныя парушэньні ў індывідуальных уладальнікаў канфіскавана больш за тысячу адзінак зарэгістраванай зброі», — сказаў ён.
Паводле прадстаўніка МУС, з 7 па 11 кастрычніка ў Беларусі пройдзе асноўны этап апэрацыі «Арсэнал», накіраванай на папярэджаньне парушэньняў заканадаўства ў сфэры абароту зброі. У рамках яе праваахоўнікі правераць умовы захоўваньня грамадзянамі зарэгістраваных пісталетаў і стрэльбаў.
«Намаганьні міліцыянтаў будуць накіраваныя на выяўленьне нелегальнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых прыстасаваньняў і выбуховых рэчываў, правядзеньне тлумачальнай работы з насельніцтвам аб магчымасьці іх добраахвотнай здачы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Па выніках аналягічнай апэрацыі, якую правялі ў кастрычніку 2023 году, міліцыя забрала ў грамадзян больш за 1,5 тысячы адзінак зброі і звыш 11 тысяч боепрыпасаў. Пры гэтым завялі 18 крымінальных спраў за «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, зьвязаныя з яе захоўваньнем, набыцьцём, перавозкай і інш.». Да адміністрацыйнай адказнасьці за розныя парушэньні па выніках праверак прыцягнулі 165 грамадзян.
Паводле закону, у выпадку добраахвотнай выдачы зброі і яе частак падчас адмысловых апэрацый па здачы грамадзяне вызваляюцца ад крымінальнай адказнасьці.
Форум