Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё добра, а будзе яшчэ лепш. Што абяцаў Лукашэнка падчас перадвыбарчага ваяжу на Палесьсе


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка зрабіў чарговую перадвыбарчую паездку ў рэгіён. Гэтым разам у Пінскі раён. Зь ягоных апошніх выступаў вынікае, што набор тэзаў перадвыбарчай праграмы ўжо гатовы і праходзіць апрабацыю на сустрэчах з насельніцтвам. Набор гэты зусім немудрагелісты і паўтараецца з разу ў раз.

З рыторыкі Лукашэнкі вынікае, што ў краіне ўсё добра: толькі пазытыўныя навіны. Чаканы валавы збор збожжа — больш за 10 млн тон. Падчас наведваньня сельскагаспадарчага прадпрыемства «Парахонскае» Лукашэнка адзначыў: «Гэта найвышэйшы ўзровень (гаспадараньня на зямлі. — Аўтар), сусьветны. Такога няма ні ў сьвеце, ні ў Эўропе».

Другая перадвыбарчая тэза: будзе яшчэ лепш, бо ў краіне ёсьць руплівы гаспадар. Трэба рэанімаваць праграму разьвіцьця Палесься, аднавіць мэліярацыю, вырашыць праблему засухі ды інш. Пытаньня, хто ж 30 гадоў перашкаджаў гэта рабіць, ні ў кога з тых, хто слухаў Лукашэнку, ня ўзьнікла.

Затым пайшла вялікая геапалітыка. На мяжы з Украінай нельга было абмінуць тэму вайны і міру. Тут таксама пайшлі ў ход ужо апрабаваныя дзяжурныя прыёмы. З словаў Лукашэнкі вынікае, што існуе пагроза вонкавага нападу. Ідзе яна з Украіны — у кожным разе, пакуль ёю «кіруюць амэрыканцы».

Аднак Лукашэнка яўна адчувае, што нагнятаць варажнечу на адрас украінцаў сярод жыхароў Палесься, якія вякамі жылі побач, сябравалі і радніліся, ня ўдасца. Як кажуць паліттэхнолягі, гэта «не заходзіць». Таму ён усяляк дэманстраваў сваё прыязнае і міралюбнае стаўленьне да паўднёвых суседзяў: «Там жа нашы людзі жывуць»; «Мы ніколі не ініцыявалі ніякага супрацьстаяньня. Ні ў якім разе. Нам гэта не патрэбна... Вы не хвалюйцеся, мы не зьбіраемся ваяваць з украінцамі. І яны не жадаюць з намі ваяваць. Мы будзем рабіць усё для таго, каб суіснаваць з Украінай мірна». Больш за тое, Лукашэнка заяўляе, што Беларусь гатовая дапамагчы аднавіць Украіну пасьля вайны.

Аднак падзеі лютага — сакавіка 2022 году, калі расейцы з тэрыторыі Беларусі атакавалі Кіеў, калі менавіта зь Беларусі ляцелі ракеты на ўкраінскія гарады, не забыліся. Ды і цяпер Лукашэнка заявіў: «Мы на баку Расеі. Наколькі гэта магчыма, не ваюючы, мы дапамагаем Расеі і будзем дапамагаць. Гэта наш саюзьнік». Таму такое паказное міралюбства на адрас Украіны выглядае няшчырым.

Але, паводле Лукашэнкі, галоўная пагроза ідзе не ад Украіны, а ад Польшчы: «Калі толькі палякі ўлезуць ва Украіну і паспрабуюць захад адцяпаць, мы будзем украінцаў падтрымліваць. Бо мы разумеем, што наступныя будзем мы».

Мяркуючы па ўсім, галоўны вонкавы вораг названы, ён застаецца нязьменным з 2020 году. Таму, як можна чакаць, уся перадвыбарчая кампанія будзе разгортвацца пад антыпольскімі лёзунгамі.

А яшчэ падступны Захад усяляк шкодзіць. Апошнім часам без антызаходніх выпадаў не абыходзіцца ніводны выступ Лукашэнкі. Вось і цяпер ён кажа: «Нас зноў жадаюць скарыць, паставіць на калені. Нас зноў хочуць прымусіць рабіць тое, што ім трэба, каб жыць за наш кошт».

І вось тут вымалёўваецца меркаваны галоўны перадвыбарчы слоган: «Мая галоўная задача — не дапусьціць уцягваньня ў гэтую бойку, у гэтую вайну Беларусі». То бок Лукашэнка — гэта мір, а ўсе, хто супраць яго, імкнуцца ўцягнуць краіну ў вайну. Лёзунг просты, нават прымітыўны. Але прапагандысцкія канструкты паводле сваёй прыроды і не павінны быць складанымі.

Праўда, расейскія дроны, якія надалей падаюць на беларускія гарады (у верасьні — на Гомель, у кастрычніку — на Калінкавічы), неяк дрэнна стасуюцца з прапагандыскай карцінай пра мірную Беларусь.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG