20 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком рэспублікі Мардовія Арцёмам Здуновым прапанаваў зьняць сумесны шматсэйрыйны фільм пра Лі Гарві Освальда, забойцу амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі, які каля двух з паловай гадоў жыў у Менску, піша БелТА.
«Вы ўмееце гэта рабіць. Мы былі б вельмі зацікаўлены ў абмене досьведам і дапамозе кадравай. Мы вялікую ўвагу цяпер надзяляем кінэматаграфіі. Кіно — найважнейшае з мастацтваў, як гаварыў калісьці клясык», — сказаў Лукашэнка, паўтарыўшы словы Ўладзіміра Леніна.
«Былі б у гэтым вельмі зацікаўлены і маглі б прадставіць свае паслугі, пляцоўку і заняцца пошукам фінансаваньня гэтага, упэўнены, цікавага фільма. Гэтая тэма ў Злучаных Штатах Амэрыкі цяперашнім прэзыдэнтам Дональдам Трампам актыўна ўздымалася. Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе да месца, актуальным будзе фільм», — сказаў Лукашэнка.
- У канцы лістапада 2024 году, пасьля перамогі на выбарах, Дональд Трамп паўтарыў перадвыбарнае абяцаньне апублікаваць апошнія дакумэнты, зьвязаныя з забойствам Джона Кенэдзі.
- Паводле ягонай дырэктывы ад 17 сакавіка 2025 на сайце архіву ў ЗША апублікавалі два наборы дакумэнтаў агульным аб’ёмам больш за 60 тысяч старонак. Яны даступныя ў фармаце PDF.
- 35-ы прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэральд Кенэдзі быў застрэлены падчас візыту ў Далас, штат Тэхас, 22 лістапада 1963 году.
- Амэрыканскае расьсьледаваньне 1964 году, праведзенае афіцыйнай камісіяй, паказала, што Кенэдзі быў забіты амэрыканскім грамадзянінам Лі Гарві Освальдам, які раней жыў у Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Менску, і што ён дзейнічаў адзін.
- У Менску расейскай мове яго вучыў Станіслаў Шушкевіч.
- Освальд быў забіты ў дэпартамэнце паліцыі Даласу праз два дні пасьля арышту.
- Забойства прэзыдэнта Кенэдзі дагэтуль застаецца аб’ектам шматлікіх здагадак.