Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарадзішчы пад Менскам — нашэсьце баброў. Яны зьнішчылі некалькі дзясяткаў дрэў


Паваленыя бабрамі дрэвы. Ілюстрацыйнае фота
Паваленыя бабрамі дрэвы. Ілюстрацыйнае фота

У вёсцы Гарадзішча, што пад Менскам, бабры актыўна зьнішчаюць зялёныя насаджэньні і будуюць свае хаткі ў гэтым раёне на рацэ Менка.

Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны», мясцовыя жыхары скардзяцца, што жывёлы зьнішчаюць пладовыя і лясныя дрэвы.

Мясцовы жыхар Антон Кальчэўскі паведаміў, што нашэсьці баброў у гэтай вёсцы адбываюцца кожныя чатыры гады.

«Дзевяць бяроз, пяць дубоў, а там у мяне было 29 елак. Адзіная наша абарона — сетка: і зручна, і практычна, і адносна нядорага», — сказаў Антон Кальчэўскі.

Стараста Гарадзішча Ўладзімір Скарабагаты паведаміў, што баброў, калі яны трапляюць у пасткі, спрабуюць выпускаць у іншых месцах.

Шмат баброў заўважылі і ў Менску на Сьвіслачы.

«Зяленбуд Цэнтральнага раёну Менску прымацоўвае абарончую сетку на ствалы. [...] Пры пашкоджаньні іх мяняюць», — сказала намесьніца дырэктара Зелянбуду Цэнтральнага раёну Менску Кацярына Ганчар.

Цяпер у папуляцыя баброў у Беларусі налічвае больш за 55 тысяч асобінаў. Згодна зь інфармацыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі, лік папуляцыі баброў за апошнія 10 гадоў павялічыўся ў некалькі разоў, дзякуючы павелічэньню кармавой базы на прыбярэжных участках і зьніжэньню цікаўнасьці да паляваньня на гэтую жывёлу.

Праз недахоп тэрыторый бабры пачалі ўсё часьцей зьяўляцца ў населеных пунктах, дзе грызуць дэкаратыўныя і пладовыя дрэвы.

Прыродаахоўныя інспэкцыі ўсталёўваюць пасткі для баброў і адлоўліваюць іх для наступнага перасяленьня, а для дрэў выкарыстоўваюць адмысловыя сеткі.

У той жа час у Беларусі паляваньне на баброў рэгулюецца — на яго можна паляваць з 1 верасьня да 31 сакавіка з выкарыстаньнем зброі.

Бабры могуць пераносіць шаленства, таму спэцыялісты рэкамэндуюць не перагароджваць ім дарогу да вадаёму і раяць адысьці ў бок — жывёла сама пабачыць чалавека і ўцячэ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG