Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль пачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю ў Лібане


Разбурэньні ў Лібане пасьля ізраільскіх авіяналётаў
Разбурэньні ў Лібане пасьля ізраільскіх авіяналётаў

Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) аб’явіла пачатак «абмежаваных наземных рэйдаў на аснове дакладнай выведвальнай інфармацыі» супраць аб’ектаў і інфраструктуры групоўкі «Хэзбала» на поўдні Лібану. Пра гэта гаворыцца ў заяве камандаваньня ізраільскага войска.

Аб’екты гэтых рэйдаў «знаходзяцца ў блізкіх да мяжы вёсках, яны ўяўляюць непасрэдную пагрозу ізраільскім населеным пунктам», сьцьвярджае камандаваньне.

«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.

Як паведамляюць Al Arabiya і Al Hadath, ізраільскія танкі ўвайшлі на тэрыторыю краіны.

Па дадзеных AFP, ізраільскія вайскоўцы праводзяць выведную апэрацыю на поўдні Лібану. Як піша Reuters са спасылкай на мясцовых жыхароў і крыніцу ў службе бясьпекі, лібанскае войска адступіла зь некалькіх пазыцый на паўднёвай мяжы з Ізраілем. Прадстаўнік лібанскага войска ня стаў камэнтаваць гэтых зьвестак. Іншая крыніца агенцтва ў службе бясьпекі заявіла, што лібанскія войскі знаходзяцца мінімум за 5 м на поўнач ад мяжы пасьля адступленьня.

Сухапутнай апэрацыі папярэднічалі інтэнсіўныя паветраныя ўдары ізраільскай арміі па аб’ектах на тэрыторыі Лібану, зьвязаных з групоўкай «Хэзбала». Групоўка вяла рэгулярныя ракетныя абстрэлы Ізраілю, у выніку якіх дзясяткі тысячы ізраільцян былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў населеных пунктах на поўначы краіны.

«Хэзбалу» Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі зьвяз унёс у свой чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама зьяўляецца часткай так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асоб і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

Ізраіль праводзіць наземную апэрацыю на тэрыторыі Лібану ўпершыню з 2006 году, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна).

Плян апэрацыі ўхвалілі на пасяджэньні ўраду Ізраіля позьнім вечарам у панядзелак. Раней у выніку сэрыі авіяўдараў па Лібане ізраільскім сілам удалося забіць шэраг галоўных прадстаўнікоў «Хэзбалы», у тым ліку лідэра групоўкі Хасана Насралу. Улады Лібану заявілі, што ў выніку ўдараў загінулі таксама сотні мірных жыхароў.

Уначы паступіла паведамленьне і аб удары ізраільскай авіяцыі па сталіцы Сырыі Дамаску. Паводле зьвестак сырыйскіх дзяржаўных СМІ, загінулі тры чалавекі, дзевяць паранена. Ізраільскае камандаваньне, у сваю чаргу, паведаміла аб перахопе бесьпілётніка над Міжземным морам за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад узьбярэжжа краіны.

Адначасова Ізраіль працягвае баявыя дзеяньні ў сэктары Газа супраць групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у шматлікіх краінах. Баевікі групоўкі ўчынілі 7 кастрычніка 2023 году напад на Ізраіль, падчас якога загінулі больш за тысячу грамадзян краіны, а сотні ізраільцянаў трапілі ў закладнікі, некаторыя пазьней загінулі. Міністэрства здароўя Палестынскай аўтаноміі сьцьвярджае, што Ізраіль у час сваіх налётаў забіў тысячы жыхароў Газы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG