Пазьней у суботу «Хэзбала» зрабіла заяву, у якой пацьвердзіла сьмерць свайго лідэра.
Ізраільскія вайскоўцы пачалі новую сэрыю ўдараў раніцай 28 верасьня, як яны заявілі, па аб’ектах «Хэзбалы» на поўдні Бэйруту і ў даліне Бэкаа на ўсходзе Лібану, на наступны дзень пасьля сэрыі масіраваных бамбардаваньняў прыгараду Бэйруту, мэтай якіх былі Насрала і іншыя высокапастаўленыя асобы.
Ізраільскія СМІ паведамілі раніцай 28 верасьня, што дачка Насралы, Зайнаб Насрала, была забітая. «Хэзбала» не пацьвердзіла гэтае паведамленьне. Сын Насралы, Хадзі, быў забіты ў баі з ізраільскімі войскамі ў 1997 годзе.
«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Злучаных Штатах, у той час як Эўрапейскі Зьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Палітычная партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану.
«Я думаю, што пакуль рана казаць... Часам яны хаваюць гэты факт, калі мы дамагаемся посьпеху», — сказаў ізраільскі чыноўнік журналістам, калі яго спыталі, ці ізраільскія ўдары сапраўды забілі Хасана Насралу.
Контаардмірал Даніэль Хагары, прадстаўнік ізраільскай арміі, заявіў, што сілы краіны нанесьлі ўдар па галоўным штабе «Хэзбалы», які знаходзіцца пад жылымі дамамі. На аматарскім відэа відаць магутныя выбухі, якія паражаюць той раён у прыгарадзе Бэйруту.
Аналітык Міжнароднай крызіснай групы Хайка Вімэн сказаў у камэнтары для Радыё Свабода, што неаднаразовыя ўдары Ізраілю, хоць і не змаглі цалкам зьнішчыць «Хэзбалу», у значнай ступені яе аслабілі.
Ён сказаў, што апошнія ўдары прымусяць групоўку паказаць, што яна ўсё яшчэ можа рашуча рэагаваць.
Аналітык Норман Руль з вашынгтонскага Інстытуту нацыянальнай бясьпекі сказаў, што Ізраіль аслабіў «Хэзбалу» да такой ступені, што лібанскі ўрад можа фактычна зьнішчыць гэтую групоўку.
«Сілы абароны Ізраілю зьнішчылі цэлае пакаленьне лідэраў „Хэзбалы“, якія панесьлі з сабой калектыўны вопыт, які калектыўна незаменны.... У ідэальным сьвеце лібанскі ўрад выкарыстаў бы гэты момант, каб зацьвердзіць сваю ўладу і пазбавіць Лібан ад гэтай узброенай групоўкі. [Аднак] занадта рана казаць, ці адбудзецца гэта», — сказаў Руль Радыё Свабода.
Форум