Сьцісла:
- Празь пяць гадоў апанэнты працягваюць атакаваць Ціханоўскую словамі пра «мудрага Пуціна», сказанымі на самых першых кроках Сьвятланы ў палітыцы.
- Чалавеку ўласьціва эвалюцыянаваць. Але ня кожны на гэта здольны.
- Каб адказаць на пытаньне, ці быў Бабарыка стаўленікам Крамля, варта параўнаць яго з Лукашэнкам — як чалавека.
- І Бабарыка, і Калесьнікава, і Ціханоўская ўвасабляюць новую фармацыю ў беларускай палітыцы, арганічную для сучаснай Эўропы.
Дзіўная рэч. Замест навінаў пра Марыю Калесьнікаву, якая пяты год пакутуе ў турэмнай ізаляцыі, сеціва абмяркоўвае зьнішчальную ацэнку палітычнай актывісткі, што прагучала са свайго, быццам бы, боку барыкад. Хтосьці абураны, а хтосьці далучаецца да «наезду». З гонарам і ня раз прамоўленыя словы пра беларускую салідарнасьць жухнуць, як абляцелая восеньская лістота. А беларуская апазыцыя бачыць, што ўяўны раскол у ёй — зусім і не раскол. Гэта і ёсьць салідарнасьць з аднаго боку і поўнае яе адмаўленьне з другога. І што гэтая розьніца — у самой прыродзе дэмакратыі і дыктатуры.
Хто не разьвіваецца, той адмаўляе свае памылкі
Калісьці, гадоў пад дзесяць таму, у фэйсбуку я зьвярнуў увагу, што электронная пошта прэс-сакратара адной кансэрватыўнай беларускай партыі мае адрас на партале mail.ru. Хто ня ведае, гэты расейскі партал — праваднік палітыкі Крамля і «русского мира». Празь нейкі час зазірнуў у тую пошту яшчэ раз і пабачыў, што адрас не зьмяніўся: mail.ru. На тым і мая цікавасьць згасла. Як і рэпутацыя адрасанта.
На мой погляд, гэта тое самае, калі б сёньня Сьвятлана Ціханоўская ўпарта паўтарала словы пра «мудрага Пуціна», якія сказала ў інтэрвію расейскаму РБК пяць гадоў таму, на самых першых сваіх кроках у палітыцы, і якімі яе дагэтуль папракаюць людзі з асяродку таго прэс-сакратара. Прычым гаворка не пра палітыку і пагатоў не пра пошукі канструктыву, а про розныя чалавечыя тыпы і спосабы самасьцьверджаньня. Напрыклад, праз шальмаваньне іншага.
Мы вучымся. Хто здольны. Мы засвойваем тое, чаго не маглі засвоіць раней. У савецкай адгароджанасьці ад сьвету і постсавецкім тэлевізары. Па вялікім рахунку, мы ніколі ня ведалі, што такое прыватнасьць, вольнае перамяшчэньне па сьвеце, плюралізм… У гэтым працэсе пазнаньня шмат залежыць ад самога чалавека, ягонага характару, псыхатыпу. Хтосьці, як тая ж Ціханоўская, прызнае свае памылкі, бо стараецца крытычна глядзець на сябе збоку. А хтосьці сябе збоку ўпарта ня бачыць і не жадае эвалюцыянаваць. У першым і закладзеныя тыя гены салідарнасьці і эмпатыі (дэмакратыя на дэмакратыю не нападае); у другім іх папросту няма, адсюль дыктатарскія паводзіны ды «наезды» на тую ж Калесьнікаву, калі няма жаданьня, а найперш магчымасьці пачуць яе словы ў адказ.
Зрэшты, ці стала б яна адказваць? Цяжка такое ўявіць. Як не магу ўявіць у якасьці адказчыкаў і Ціханоўскую, і Бабарыку. Ціханоўская «ў даступнасьці», таму яе ўсё яшчэ імкнуцца вывесьці зь сябе, выклікаць на сварку, убачыць у ёй такіх, як самі, называючы «хатняй гаспадыняй», адпраўляючы варыць боршч і смажыць катлеты. Ярмошына кажа, што ня ўзяла б яе на працу «нават у Цэнтарвыбаркам». Але ж абсалютна відавочна, што ў беларускім дэмакратычным асяродку няма сёньня ані большага палітыка, ані лепшага дыплямата.
Прычына ўсяго — у асобе, у здольнасьці расьці па-над сабою, прычым бяз крыўды для іншых. А гэта магчыма толькі тады, калі твае базавыя характарыстыкі — адкрытасьць і людзкасьць, прыцягальныя для іншых людзей. Такія самыя і Бабарыка, і Калесьнікава.
У 2020-м яны маглі казаць наіўныя ды памылковыя рэчы. Але Ціханоўская эвалюцыянавала — на людзях, не хаваючыся. Ці адбылося тое з Бабарыкам і Калесьнікавай, мы ведаць ня можам, бо ім зрабіць гэта на людзях не далі. Але з прыкладу «такой самай» Ціханоўскай можам пра гэта меркаваць. Пры тым крытыкі іхнага «шкалярства ў палітыцы» не эвалюцыянавалі, таксама ж у сілу сваёй чалавечай прыроды. Гэта як калі б губазікаўцы білі зьвязанага і ледзьве жывога палітвязьня, а ты падышоў са словамі «Дай і я паддам».
Словам, і Бабарыка, і Калесьнікава — гэта той тып людзей, якія адкрытыя для ўнутранага эвалюцыянаваньня. Мэцэнацтва першага што да культурнага багацьця і разнастайнасьці Беларусі — бясспрэчны аб’ектыўны факт.
А вось ці меўся ён на тых выбарах выканаць ролю стаўленіка Масквы — чыстай вады кансьпіралёгія. Раблю такую выснову, зыходзячы з тых самых чалавечых якасьцяў, бо фактаў няма. Стаўленік мусіў быць для Крамля прадказальным і нязьменным, прычым закрытым ад публікі і ўжо пэўна ня надта чалавечным. Дый не патрэбны ён Маскве, якая так лёгка адмовілася ад свайго «агента», у адрозьненьне ад якога-небудзь Красікава, якога Пуцін выцягваў зь нямецкай турмы за ўсякую цану. Каб уявіць сабе Бабарыку стаўленікам Масквы, трэба ўсяго толькі крыху разьбірацца ў людзях і параўнаць яго са шматгадовым стаўленікам Лукашэнкам — чалавекам, ня здольным на ўнутраную эвалюцыю.
Калі да ўсяго дадаць турму Эдуарда Бабарыкі, дык яе ўвогуле ня можна растлумачыць нічым, апроч змаганьня з новай фармацыяй палітыкаў, якая мусіла сфармавацца, пакліканая агульным настроем беларусаў. І адбываецца гэтае змаганьне з двух бакоў мяжы і з двух бакоў барыкадаў.
Ці палітык Марыя Калесьнікава?
Каб адказаць, трэба проста прызнацца сабе: чаму яна кінутая ў зьнішчальную турму? За тое, што віртуозная флейтыстка, ці за тое, што палітычны канкурэнт дыктатару? А яшчэ: колькі ёй выпала часу, каб сьцьвердзіць сябе як палітыка? Менш за паўгода. Нарэшце, трэба ўлічваць той фактар эвалюцыі, якая зь ёй адбылася цягам гэтых пяці гадоў. Усё, што мы пра яе ведаем: адважная да безагляднасьці ў сытуацыі з пашпартам на мяжы або з танцамі ў судовай клетцы; кім яна была да выбарчай кампаніі і кім стала ў ёй — публічнай асобай з выразнай грамадзянскай пазыцыяй, якой захапляўся народ.
Інакш кажучы, гаворка не пра старую і новую апазыцыю, не пра зьмену пакаленьняў у беларускім дэмакратычным руху, а пра чалавечы фактар у гэтым руху, пра тых, хто здольны эвалюцыянаваць (што, уласна, і ўласьціва дэмакратыі), і тых, хто, будучы апазыцыянэрам, застаецца ў полі дыктатуры і як сьмерці баіцца ўсялякай асабістай эвалюцыі. Гаворка не пра людзей сыстэмы і людзей апазыцыі, а пра тып беларускага чалавека эўрапейскай фармацыі і тып ягонага антаганіста — умоўных лукашэнак як у самой Беларусі, так і за мяжой.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум