Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць Хасана Насралы стала значным ударам па «Хэзбале» і яе саюзьніку Ірану. Першыя водгукі экспэртаў


Гасан Насрала.
Гасан Насрала.

«Хэзбала», ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану, заявіла, што яе лідэр Хасан Насрала быў забіты ў выніку ізраільскіх авіяўдараў па сталіцы Лібану Бэйруце 27 верасьня.

За больш як 30 гадоў кіраўніцтва гэтай групоўкай Насрала ператварыў шыіцкае апалчэньне ў буйную палітычную сілу ў Лібане і моцнага суперніка суседняга Ізраіля.

«Хэзбала», якую Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўрапейскі зьвяз унёс у чорны спіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парламенце Лібану), таксама зьяўляецца вядучым удзельнікам так званай восі супраціўленьня Ірану, разрозьненай сеткі іранскіх давераных асоб і падтрыманых Тэгеранам груп баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

Сьмерць Насралы — «вялікая страта і ганьба» для Ірану, сказаў Радыё Свабода Алі Фатхола-Нэджад, дырэктар бэрлінскага Цэнтру Блізкага Ўсходу і сусьветнага парадку. Гэта «самы моцны ўдар па рэгіянальным становішчы Тэгерану» з моманту забойства галоўнага іранскага камандуючага Касема Сулеймані ў выніку авіяўдару ЗША ў Іраку ў 2020 годзе, лічыць Фатхола-Нэджад. Насрала, Сулеймані і вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі «складалі ядро шырокіх рэгіянальных амбіцый Ірану», дадаў Фатхола-Нэджад.

Харызматычны мула і добры аратар, Насрала быў выбраны кіраўніком «Хэзбалы» ва ўзросьце 32 гадоў. Пры значнай фінансавай і палітычнай падтрымцы Тэгерану Насрала ператварыў «Хэзбалу» у магутную палітычную і вайсковую арганізацыю ў Лібане і буйнога гульца ў рэгіёне.

Сьмерць 64-гадовага лідэра будзе мець «сур’ёзныя наступствы» для апэрацый восі супраціву Ірану, сказаў Свабодзе Хамідрэза Азізі, навуковы супрацоўнік Нямецкага інстытуту міжнародных адносін і бясьпекі.

«У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта прывядзе да сур’ёзных прабелаў, адсутнасьці каардынацыі і двухсэнсоўнасьці», — мяркуе Азізі.

Емэнскія паўстанцы-хусіты, яшчэ адзін член восі, могуць пераняць эстафэту ў «Хэзбалы», калі Іран вырашыць усталяваць новую герархію ў сетцы, дадае Азізі.

Хусіты, на думку Азіі, былі «больш эфэктыўныя» ў барацьбе з Ізраілем з пачатку вайны ў Газе, чым іншыя члены восі, і атрымалі менш аддачы. «Але няма ніякіх гарантый, што яны застануцца такімі, улічваючы рашучасьць Ізраілю перасьледаваць [членаў восі] па адным», дадаў ён.

Для «Хэзбалы» сьмерць Насралы можа стаць катастрофай, кажуць экспэрты.

«Насралу будзе цяжка замяніць», — мяркуе Норман Руль, вэтэран ЦРУ, які працаваў ва Ўправе дырэктара нацыянальнай разьведкі. «Любы пераемнік будзе пазбаўлены яго палітычнага статусу ў Лібане і асабістых адносін зь вярхоўным лідэрам Ірану», — сказаў Руль у камэнтары для Radio Farda.

У апошнія месяцы «Хэзбала» пацярпела сур’ёзныя няўдачы. Ізраіль забіў ключавых яе кіраўнікоў, нэўтралізаваў значную частку яе вайсковага арсэналу і парушыў яе камунікацыі.

«Сілы абароны Ізраілю зьнішчылі цэлае пакаленьне лідэраў „Хэзбалы“, якія забралі з сабой калектыўны досьвед, які калектыўна незаменны», — лічыць Норман Руль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG