Стала вядома пра сьмерць Фані Бранцоўскай, апошняй падпольшчыцы Віленскага гета, піша JTA. Яна памерла яшчэ 22 верасьня, але вядома пра гэта стала пазьней.
Бранцоўская ўцякла з гета ў 1942 годзе і ваявала супраць нацыстаў і іх мясцовых паплечнікаў у Рудніцкім лесе з групай габрэйскіх партызанаў пад камандаваньнем Абы Коўнера.
У пасьляваенныя гады яна стала абаронцай памяці літоўскіх габрэяў і мовы ідыш. Працавала бібліятэкаркай і выкладчыцай у Віленскім інстытуце ідыш і расказвала людзям пра славутасьці, многія зь якіх зьніклі з гораду, які калісьці быў вядомы як «Ерусалім Эўропы» за сваю багатую габрэйскую культуру.
Нягледзячы на тое, што Фаня Бранцоўская паходзіла са сьвецкай сям'і, у якой, як адзначала, не прытрымліваліся ні кашэру, ні шабату, яна атрымала ўсю сваю традыцыйную адукацыю ў школах з навучаньнем на ідыш, а ў падлеткавым узросце ўдзельнічала ў габрэйскіх палітычных моладзевых рухах.
«Падпольная арганізацыя гета аб’ядноўвала ўсе партыі і кірункі, такія як камуністы, рэвізіяністы, Бунд і г. д. Іх агульнай мэтай была барацьба з нацыстамі», — казала яна ў інтэрвію праекту Centropa.
Аб’яднаная партызанская арганізацыя разглядала магчымасьць падняць паўстаньне ў гета. Пазьней паўстаньне адбудзецца ў Варшаве. У Вільні ж пасьля захопу і пакараньня гестапа лідэра падпольнікаў Іцхака Вітэнбэрга кіраўніцтва руху вырашыла замест гэтага вывесьці сваіх байцоў з гета ў бліжэйшыя лясы, дзе партызаны, якія падтрымліваліся савецкім войскам, перашкаджалі тылу і лініі забесьпячэньня нямецкай арміі.
Бранцоўская разьвіталася зь сям’ёй і ўцякла з гета 23 верасьня 1943 году. Пазьней яна даведаецца, што ў тую ж ноч немцы пачалі канчатковую ліквідацыю гета, забіўшы большасьць яго жыхароў. Ніхто зь яе сям'і не перажыў Галакосту.
Габрэйскія партызаны праводзілі акцыі супраць нацыстаў. У лесе ж яна пазнаёмілася і са сваім будучым мужам Міхаілам Бранцоўскім.
Пасьля вайны Фаня Бранцоўская дапамагала задакумэнтаваць страчанае, дапамагала савецкім пісьменьнікам Ільлю Эрэнбургу і Васілю Гросману складаць «Чорную кнігу савецкага габрэйства», 500-старонкавы дакумэнт, які фіксаваў злачынствы нацыстаў у акупаваных раёнах Савецкага Саюзу. Упершыню яна была апублікаваная ў СССР выдавецтвам «Правда» на мове ідыш, але пазьней кніга ня будзе выдадзеная, бо савецкая палітыка ў дачыненьні Галакосту зрушылася ў іншы бок — на прадстаўленьне генацыду выключна як зьверства супраць «савецкіх грамадзян», а не як канкрэтную праграму вынішчэньня габрэяў.
У 1945 годзе Міхаіла і Фаню Бранцоўскіх узнагароджвалі на Краснай плошчы ў Маскве, але далейшая антысэміцкая палітыка Сталіна зьмяніла станоўчыя настроі сям'і адносна савецкай улады. У 1985 годзе яе муж памёр, а Фаня Бранцоўская пайшла на пэнсію ў школе і прысьвяціла далейшае жыцьцё навучаньню іншых ідышу. На пачатку 1990-х яна таксама працавала ў Музэі Галакосту ў Вільні, а затым у Віленскім ідышысцкім інстытуце, які існаваў да 2018 году цягам 17 гадоў.
Форум