Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін сыгнал Лукашэнкі Захаду. Што стаіць за вызваленьнем палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сярод адрасатаў вызваленьня яшчэ адной групы палітвязьняў — Захад. Лукашэнка хоча дамагчыся прызнаньня заходнімі краінамі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году. Таму дасылае Захаду такія маленькія сыгналы. Вызваляючы невялікую колькасьць палітвязьняў, спрабуе прамацаць глебу, празандаваць гатовасьць Захаду да перамоваў, убачыць рэакцыю.

Сьцісла:

  • Да канца незразумела, паводле якога прынцыпу адных «палітычных» вызваляюць, а іншых не.
  • Няма размовы пра гуманізм уладаў. Відавочна, гэта выключна палітычны жэст.
  • Адзін з адрасатаў гэтай палітыкі — унутраная аўдыторыя. Лукашэнка імкнецца палепшыць свой імідж напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году, зрабіць яго больш чалавечным.
  • Другі адрасат такіх крокаў — Захад. У разуменьні Лукашэнкі заходнія краіны павінны зьмірыцца з тым, што адбылося ў 2020 годзе, і «перагарнуць старонку», прызнаць новую рэальнасьць.

Адбываецца рэкорднае ў беларускай гісторыі вызваленьне палітвязьняў. За два месяцы памілаваныя і выйшлі на свабоду трыма партыямі 78 чалавек (18+30+30).

Варта адзначыць, што ідэя вызваленьня палітвязьняў пачала рэалізоўвацца параўнальна нядаўна, у пэўным сэнсе нават зьнянацку. Першапачаткова, калі была абвешчана амністыя 11 студзеня, адмыслова падкрэсьлівалася, што яна ня будзе тычыцца палітзьняволеных, то бок тых, хто асуджаны «за экстрэмізм і тэрарызм». Адпаведны закон аб амністыі быў прыняты парлямэнтам і падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам. І раптам 2 ліпеня беларускі ўладар абвясьціў, што вызваляць і «палітычных» цяжка хворых вязьняў. І працэс пайшоў. Вызваляюць палітзьняволеных на падставе не амністыі, а працэдуры памілаваньня.

У пэўным сэнсе працэс вызваленьня набыў рысы кампаніі. У калёніі прыяжджала начальства, настойліва патрабавала ад вязьняў пісаць хадайніцтвы аб памілаваньні. Прапагандыст Юры Васкрасенскі абтэлефаноўваў родных палітвязьняў і агітаваў іх угаварыць блізкіх напісаць падобныя заявы. Паводле ягоных словаў, каля 900 чалавек напісалі прашэньні аб памілаваньні.

Прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе, што ўсе прадстаўленыя да памілаваньня асобы вывучаліся камісіяй па вяртаньні пад кіраўніцтвам генэральнага пракурора Андрэя Шведа. Нібыта ўсе вызваленыя «падалі хадайніцтва аб памілаваньні, прызналі віну, шчыра раскаяліся».

З гэтага вынікае, што функцыі «камісіі Шведа» моцна пашырыліся. Можа, таму, што ахвотных з-за мяжы прайсьці працэдуру ня вельмі шмат, згаданая структура фактычна апынулася бяз працы. І вось цяпер камісія адказвае за ўсе «памілаваньні» — як неасуджаных, так і асуджаных беларусаў.

Да канца незразумела, паводле якога прынцыпу адных «палітычных» вызваляюць, а іншых не. У сьпісах тых, хто выйшаў на волю, няма знакавых фігур. Сярод вызваленых ёсьць цяжка хворыя вязьні, людзі сталага веку. Аднак нямала і тых, хто не падпадае пад гэтыя катэгорыі. Там ёсьць вязьні, тэрмін зьняволеньня якіх хутка заканчваецца. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з 78 вызваленых вязьняў ня ўсе пісалі прашэньне аб памілаваньні. Тым ня менш і яны апынуліся на свабодзе.

Што ўсё гэта азначае? Адразу варта зафіксаваць, што прынятыя рашэньні ня сьведчаць пра паварот да лібэралізацыі. Бо новыя затрыманьні грамадзянаў з палітычных матываў працягваюцца. Прычым арыштаваных за гэты час аказалася нашмат больш, чым вызваленых. Ідзе працэс пераводу значнай колькасьці людзей з бытавой «хіміі» ў калёніі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на 24 жніўня палітвязьнямі ў Беларусі прызнаны 1371 чалавек.

Няма размовы і пра гуманізм уладаў. Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якія павінны быць неадкладна вызваленыя. Туды ўвайшлі 16 асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 асобаў з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш як пяць сем’яў, у якіх за кратамі і бацька, і маці.

Відавочна, гэтыя вызваленьні — палітычны жэст. У чым яго сэнс?

Адзін з адрасатаў такой палітыкі — унутраная аўдыторыя. Лукашэнка імкнецца палепшыць свой імідж напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі 2025 году, зрабіць яго больш чалавечным. Бо сытуацыя, калі ў турмах паміраюць палітвязьні, выглядае кепска нават з пункту гледжаньня ягоных прыхільнікаў. Таму значная частка вызваленых — людзі хворыя і немаладыя.

Другі адрасат гэтых крокаў — Захад. Лукашэнка хоча дамагчыся прызнаньня заходнімі краінамі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году і прызнаньня яго асабіста прэзыдэнтам Беларусі. Бо некамфортна жыць ва ўмовах, калі значная частка сьвету не прызнае цябе легітымным кіраўніком дзяржавы.

Іншы матыў — магчымыя ў недалёкай будучыні перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, Расеяй і Захадам аб міры. Калі яны раптам адбудуцца, то зразумела, што Лукашэнка хацеў бы браць у іх удзел. І калі ўзьнікне такая сытуацыя, то ў краін Захаду і ў тых жа ўкраінцаў можа ўзьнікнуць у дачыненьні да Лукашэнкі пытаньне: «А вы хто? Якая ў вас легітымнасьць?». Вось дзеля гэтага патрэбна прызнаньне Захаду.

У разуменьні Лукашэнкі Захад павінен зьмірыцца з тым, што адбылося ў 2020 годзе, і «перагарнуць старонку», прызнаць новую рэальнасьць.

З гэтай прычыны Лукашэнка пасылае такія маленькія сыгналы Захаду, вызваляючы невялікую колькасьць палітвязьняў, спрабуе прамацаць глебу, празандаваць гатовасьць Захаду да перамоваў, убачыць рэакцыю.

Афіцыйныя асобы ЗША і ЭЗ віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і заклікалі выпусьціць на свабоду ўсіх палітычных зьняволеных. Магчыма, ад рэакцыі Захаду залежыць, ці будзе працяг гэтага працэсу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG