Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы закон талібаў пра мараль пагаршае і без таго цяжкое становішча афганскіх жанчын


На вуліцы ў Афганістане. Архіўнае фота
На вуліцы ў Афганістане. Архіўнае фота

Талібы афіцыйна ўвялі ў закон доўгі набор правілаў, якія «рэгулююць мараль». Новы закон, які складаецца з 35 артыкулаў, накладае шырокія абмежаваньні на рух і паводзіны жанчын і прадугледжвае, што мужчыны павінны наведваць малітвы і адгадоўваць бароды.

З моманту захопу ўлады ў 2021 годзе талібы спрабавалі кантраляваць публічныя выхады і паводзіны мільёнаў афганцаў, асабліва жанчын, піша «Радыё Азадзі», афганская служба Свабоды.

Але тады выкананьне правілаў маралі экстрэмісцкай групоўкі, уключна са строгім ісламскім адзеньнем і гендэрнай сэгрэгацыяй, было спарадычным і нераўнамерным па ўсёй краіне.

Цяпер ісламісты ўвялі працяглы набор жорсткіх абмежаваньняў, што выклікала страх афганцаў.

«Закон аб прапагандзе дабрадзейнасьці і папярэджаньні заганаў», афіцыйна ўведзены ў дзеяньне і апублікаваны 21 жніўня, уводзіць жорсткія абмежаваньні на вонкавы выгляд, паводзіны і перамяшчэньне жанчын. Закон таксама прадугледжвае абмежаваньні для мужчын.

Адэля (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — заўв. Радыё Азадзі), жанчына сярэдняга ўзросту, зьяўляецца адзінай карміцелькай сваёй сям'і з 10 чалавек. Яна занепакоеная тым, што новы закон аб маралі паменшыць тыя нешматлікія правы, якія жанчыны ўсё яшчэ маюць.

Талібы дазволілі некаторым жанчынам, у першую чаргу ў сэктарах аховы здароўя і адукацыі, працаваць па-за домам. Але Адэля баіцца, што ўсе іншыя ня здолеюць хадзіць на працу.

Дылавар, жыхар Кабулу, сталіцы краіны, папярэдзіў аб нэгатыўнай рэакцыі грамадзкасьці, калі талібы ўзмоцняць выкананьне сваіх абмежаваньняў. 26-гадовы мужчына сказаў журналістам, што моладзь у краіне і без таго пакутуе ад беспрацоўя, патрабаваньні талібаў толькі пагоршаць становішча.

Агулам у новым законе 35 пунктаў, сярод якіх забарона жанчынам павышаць голас і публічна сьпяваць, яны павінны цалкам пакрываць сваё цела адзеньнем. Незнаёмым мужчынам і жанчынам нельга глядзець адно на аднаго на публіцы.

Мужчыны таксама павінны апранацца сьціпла, нават калі займаюцца спортам. Ім забаронена галіцца і стрыгчы бароды. Яны мусяць наведваць малітвы, а таксама пасьціцца падчас сьвятога ісламскага месяца Рамадан.

«Сяброўства і дапамога няверным і імітацыя іх вонкавага выгляду» забароненыя. Такім чынам, талібы забараняюць афганскім мужчынам нават сябраваць зь немусульманамі і дапамагаць ім. Афганцам забаронена «выкарыстоўваць або прасоўваць» крыж, гальштук і іншыя сымбалі, якія талібы лічаць «заходнімі».

Дашлюбны сэкс і гомасэксуальныя стасункі забароненыя. Расьпіцьцё алькаголю, ужываньне забароненых наркотыкаў і азартныя гульні лічацца цяжкімі злачынствамі.

Ігра на музычных інструмэнтах і публічнае праслухоўваньне музыкі, як і адзначэньне немусульманскіх сьвятаў, строга забароненыя.

Сачыць за выкананьнем усіх пунктаў новага закону аб «маралі» будзе адмысловая «паліцыя маралі», у якой, паводле некаторых ацэнак, налічваецца каля 7 тысяч супрацоўнікаў. Такая паліцыя можа без суду затрымліваць правапарушальнікаў на тэрмін да трох дзён і выносіць пакараньне, якое «лічыць патрэбным». Летась за розныя парушэньне законаў «маралі», уведзеных талібамі, у Афганістане затрымалі звыш 13 тысяч чалавек.

Палітоляг Абайдула Бахір з Амэрыканскага ўнівэрсытэту Афганістану назваў закон вельмі «расплывістым», што можа дазваляць талібам тлумачыць яго як заўгодна і затрымліваць каго заўгодна.

З гэтым поглядам згодная кіраўніца Дапаможнай місіі ААН у пытаньнях Афганістану Роза Атунбаева, яна лічыць, што закон вельмі пашырае паўнамоцтвы «паліцыі маралі» і дазваляе талібам затрымаць на падставе закону яшчэ больш людзей.

Раней Місія ААН заявіла, што вывучае новы закон, яго наступствы для афганцаў і патэнцыйны ўплыў на дзейнасьць ААН і іншую гуманітарную дапамогу. Уведзеныя Талібанам абмежаваньні забараняюць жанчынам шукаць працу ў агенцтвах ААН і гуманітарных арганізацыях. Яна заклікала ўлады Афганістану «ў самыя кароткія тэрміны адмовіцца ад палітыкі і практыкі», якія абмяжоўваюць «ажыцьцяўленьне жанчынамі і дзяўчатамі сваіх правоў і фундамэнтальных свабод».

Талібан ігнаруе любыя заклікі і парады. Ісламісты гавораць, што закон дазваляе выконваць нормы і правілы, прапісаныя ў рэлігіі.

Талібы маюць шчыльныя сувязі з Крамлём. Іх прадстаўнікі пасьля прыходу да ўлады ў Афганістане неаднаразова прыляталі на перамовы ў Маскву.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG