Супрацоўнікі гэтай службы, паводле аднаго з кіраўнікоў КВІР, прайшлі спэцыяльную падрыхтоўку, каб у далейшым забясьпечваць, у прыватнасьці, нашэньне жанчынамі накідкі хіджабу ў грамадзкіх месцах «больш адказным чынам».
Заява адбылася ўсьлед за інфармацыяй аб тым, што ўлады Ірану ў апошнія дні ўзмацнілі праверкі на адпаведнасьць маралі, падчас якіх, мяркуючы па здымках, удзельнікі рэйдаў дапускалі грубае абыходжаньне з жанчынамі, вынікае з паведамленьня Іранскай службы Радыё Свабода – Радыё Фарда.
Пасьля сьмерці пад арыштам у Іране ў верасьні 2022 году студэнткі Махсы Аміні, якую паліцыя нораваў затрымала за няправільнае нашэньне хіджабу, у краіне пачаліся масавыя вулічныя пратэсты. Выступленьні працягваліся некалькі месяцаў і сталі адным з самых сурʼёзных выклікаў іранскаму кансэрватыўнаму кіраўніцтву за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў. Сотні людзей загінулі ў сутыкненьнях, тысячы былі арыштаваныя, некалькі ўдзельнікаў пратэстаў пакараныя.