Краіна таксама зьяўляецца буйным вытворцам опіуму і крыніцай паставак гераіну. Рост адбываецца нават пасьля таго як талібы абвясьцілі вайну наркотыкам, вярнуўшыся да ўлады ў жніўні 2021 году.
Упраўленьне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у наркотыках і злачыннасьці заявіла, што мэтамфэтамін у Афганістане ў асноўным вырабляецца з законна даступных рэчываў або здабываецца з расьліны эфэдры, якая расьце ў дзікай прыродзе. Дакумэнт цытуе Голас Амэрыкі.
У дакладзе афганская вытворчасьць мэтамфэтаміну названа хуткарослай пагрозай нацыянальнаму і рэгіянальнаму здароўю і бясьпецы, бо яна можа парушыць рынак сынтэтычных наркотыкаў і распаліць залежнасьць спажыўцоў ад іх. У справаздачы гаворыцца, што з Эўрапейскага зьвязу і Ўсходняй Афрыкі паступаюць паведамленьні аб канфіскацыі мэтамфэтаміну, які праўдападобна паходзіць з Афганістану.
Гадавы аб’ём канфіскацый мэтамфэтаміну ў краіне вырас зь менш чым 100 кіляграмаў у 2019 годзе да амаль 2700 кіляграмаў у 2021 годзе, што сьведчыць аб павелічэньні вытворчасьці, гаворыцца ў справаздачы. Але дакумэнт ня можа даць ацэнкі ні паставак мэтамфэтаміну ў краіне, ні колькасьці, якая вырабляецца, ні яго ўнутранаму выкарыстаньню, бо ў ААН няма такой статыстыкі.
Прэс-сакратар міністэрства ўнутраных спраў Афганістану Абдул Мацін Кані паведаміў агенцтву AP, што ўрад, які кіруецца талібамі, забараніў вырошчваньне, вытворчасьць, продаж і ўжываньне ўсіх рэчываў, якія адурманьваюць ці маюць наркатычны эфэкт. Ён сказаў, што ўлады зьнішчылі 644 фабрыкі і каля 12 000 акраў зямлі, дзе вырошчваліся, апрацоўваліся або вырабляліся наркотыкі. Талібы нібы правялі больш за 5000 рэйдаў, падчас якіх арыштавана 6000 чалавек.