Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя клятвы і запозьненая дэманстрацыя ляяльнасьці. Лукашэнка вымушаны апраўдвацца перад Крамлём


Лукашэнка дае інтэрвію супрацоўніку тэлеканалу «Расея», 15 жніўня 2024 году
Лукашэнка дае інтэрвію супрацоўніку тэлеканалу «Расея», 15 жніўня 2024 году

Галоўны мэсыдж, які Лукашэнка імкнуўся данесьці да Крамля і расейскай эліты, дзеля чаго і было арганізаванае інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Россия», наступны: «Гэта агульная — Беларусі і Расеі — вайна супраць гэтых зьвяроў… Стаім плечы ў плечы… Мы не дазволім рускім у сьпіну страляць».

Сьцісла:

  • Тых дзеяньняў, якія актыўна дэманстравалі беларускія ўлады 10-12 жніўня, каб паказаць Расеі саюзьніцкую вернасьць, Маскве падалося недастаткова. Трэба было тэрмінова рабіць нешта яшчэ.
  • 15 жніўня ў Менск тэрмінова запрасілі журналіста і вядоўцу на тэлеканале «Россия» Яўгенія Папова, каб узяць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі.
  • Лукашэнка казаў усё так, каб спадабацца расейскай аўдыторыі. На хаду арганізаванае інтэрвію стала своеасаблівай формай апраўданьня і справаздачы перад Крамлём.

Даўно ўжо Лукашэнка не даваў інтэрвію замежным мэдыя. Відаць, няма асабліва ахвотных зь ім размаўляць. Ён стаў малацікавы: усё, што мог, ужо нагаварыў за 30 гадоў. Цяпер толькі паўтарае сам сябе ў розных варыяцыях. Але зараз — асаблівы выпадак.

Мяркуючы па ўсім, тых дзеяньняў, якія актыўна дэманстравалі беларускія ўлады 10-12 жніўня, каб паказаць Расеі саюзьніцкую вернасьць, Маскве падалося недастаткова. Трэба было тэрмінова рабіць нешта яшчэ, бо ў Крамлі засталіся незадаволеныя. Магчыма, расцанілі актыўнасьць афіцыйнага Менску як паказную, фармальную, разьлічаную на вонкавы эфэкт.

І беларускія ўлады прыдумалі. 15 жніўня ў Менск тэрмінова запрасілі вядомага прапагандыста і вядоўцу грамадзка-палітычнага ток-шоў «60 хвілін», дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Яўгенія Папова, каб узяць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі для тэлепраграмы «Вялікія нядзельныя весткі» на тэлеканале «Россия». Інтэрвію доўжылася каля дзьвюх гадзінаў. Толькі ў нядзелю зьявілася яго поўная вэрсія.

Што сказаў Лукашэнка?

Галоўны мэсыдж, які хацеў данесьці беларускі ўладар да Крамля і расейскай эліты, дзеля чаго, відавочна, і было арганізаванае гэтае інтэрвію, наступны: «Гэта агульная — Беларусі і Расеі — вайна супраць гэтых зьвяроў… Стаім плечы ў плечы… Мы не дазволім рускім у сьпіну страляць».

На працягу апошніх тыдняў расейскія блогеры ня раз папракалі Лукашэнку: маўляў, адвёў свае войскі ад украінскай мяжы, у выніку чаго камандаваньне Ўкраіны тыя вайсковыя падразьдзяленьні, якія вызваліліся, накіравала ў Курскую вобласьць. Лукашэнка запэўнівае, што цяпер беларускія войскі высунулі да мяжы («траціну войска мы ўвялі»), украінцы вымушаныя рэагаваць, такім чынам Беларусь дапамагае расейцам ў Курскай вобласьці. Ён кажа: «Яны ж (украінцы — аўт.) перакінулі падразьдзяленьні да нашай мяжы дадаткова, калі ўбачылі, што мы фармуем адпаведныя падразьдзяленьні на мяжы».

Лукашэнка казаў усё так, каб спадабацца расейскай аўдыторыі: «Імпэрыю гэтую яшчэ ніхто не перамагаў і не пераможа — Расею».

Зноў вярнулася ваяўнічая рыторыка на адрас Захаду. Заходніх палітыкаў Лукашэнка назваў «зьвярамі», «шалёнымі», «вар’ятамі», «нацыстамі». Гучалі традыцыйныя пагрозы, у тым ліку, чарговым разам абяцаў ужыць ядзерную зброю ў нейкай крытычнай сытуацыі.

Лукашэнка ўсяляк падкрэсьліваў сваю асаблівую ролю ў расейскай палітыцы. «Мы з прэзыдэнтам Пуціным…» — рэфрэнам гучала праз усё інтэрвію.

На хаду арганізаванае інтэрвію стала своеасаблівай формай апраўданьня і справаздачы перад Крамлём.

Але гэтым справа не абмежавалася. 16 жніўня, праз 10 дзён пасьля пачатку ўкраінскімі вайскоўцамі курскай апэрацыі, Лукашэнка нарэшце правёў нараду ў пытаньнях ваеннай бясьпекі. Падчас яе міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра «высокую імавернасьць збройных правакацыяў з боку Ўкраіны». Такая вось запозьненая дэманстрацыя салідарнасьці з Расеяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG