Вугоршчына заблякавала сумесную заяву краінаў Эўразьвязу, у якой гаварылася пра «шматлікія недахопы і парушэньні» на прэзыдэнцкіх выбарах у Вэнэсуэле, паведамляе Politico.
Як распавялі выданьню два чыноўнікі, знаёмыя з дыскусіямі, 29 ліпеня дзяржавы Эўразьвязу хацелі апублікаваць сумесную заяву, у якой яны выказваюць занепакоенасьць вынікамі выбараў у Вэнэсуэле, аднак Вугоршчына наклала вета на дакумэнт. У выніку 30 ліпеня тэкст апублікаваў ад уласнага імя вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
«Пакуль пратаколы галасаваньня не абнародаваныя і не пераправераныя, абвешчаныя вынікі выбараў ня могуць быць прызнаныя», — заявіў ён у заяве.
- 28 ліпеня ў Вэнэсуэле адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Цэнтрвыбаркам краіны абвясьціў перамогу дзейнага кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры з 51,2% галасоў. Апазыцыя ўпэўненая, што насамрэч зь вялікім адрывам выбары выйграў яе кандыдат Эдмунда Гансалес Урутыя.
- У Вэнэсуэле пачаліся вулічныя пратэсты супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы некалькіх мікрараёнаў сталіцы, скандуючы «Свабоду, свабоду!» і «Гэты ўрад падзе». У выніку разгону пратэстаў сілавікамі загінуў прынамсі адзін чалавек.
- Перамогу Мадуры прызналі Беларусь, Расея, Кітай, Іран, Сэрбія.
Форум