Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вырашылі прыпыніць фінансавую дапамогу Грузіі на 95 мільёнаў даляраў


Мітынг супраць прыняцьця закону аб замежным уплыве, Тбілісі, красавік 2024
Мітынг супраць прыняцьця закону аб замежным уплыве, Тбілісі, красавік 2024

ЗША прыпыняюць выдзяленьне дапамогі ўраду Грузіі больш як на 95 мільёнаў даляраў, заявіў на канфэрэнцыі ў Сынгапуры дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Прычынай ахалоджваньня адносінаў паміж Вашынгтонам і Тбілісі стаў закон аб так званым замежным уплыве, прыняты парлямэнтам Грузіі ў траўні сёлета. ЗША, як і многія эўрапейскія дзяржавы, а таксама грузінская апазыцыя, лічаць, што гэты закон супярэчыць прынцыпам дэмакратыі і будзе скарыстаны як інструмэнт палітычных рэпрэсіяў. Яго параўноўваюць з законам аб «замежных агентах», які дзейнічае ў Расеі.

Блінкен таксама абвінаваціў грузінскі ўрад у «антыдэмакратычных дзеяньнях і ілжывых заявах», якія, паводле яго, несумяшчальныя з нормамі Эўразьвязу і NATO, піша Reuters. Грузія — ня сябра ані ЭЗ, ані NATO, але імкнецца ўступіць у іх.

Раней ЗША абвясьцілі, што перагледзяць адносіны з Грузіяй і ўвядуць санкцыі супраць грузінскіх палітыкаў, якіх лічаць датычнымі да парушэньня дэмакратычных прынцыпаў, а таксама супраць іхных сямейнікаў.

  • Парлямэнт Грузіі 28 траўня прыняў закон аб замежным уплыве, нягледзячы на вета, накладзенае прэзыдэнткай краіны Саламэ Зурабішвілі. Закон, які называюць калькай з расейскага закону аб так званых замежных агентах, прадугледжвае рэгістрацыю ў адмысловым рэестры ўсіх няўрадавых арганізацыяў, якія фінансуюцца з-за мяжы больш як на 20%, а таксама публікацыю на адмысловым сайце падрабязнай справаздачы аб іх даходах і дзейнасьці. У выпадку адмовы на НКА будуць накладаць буйныя штрафы.
  • Эўразьвяз пасьля прыняцьця Грузіяй закону аб замежным уплыве прыпыніў працэс разгляду яе магчымай інтэграцыі і замарозіў вайсковую дапамогу Тбілісі абʼёмам у 30 мільёнаў эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG