Гэты закон разглядаецца як атака на свабоду слова ў Грузіі.
Вашынгтон папярэдзіў, што за першым санкцыйным пакетам могуць быць новыя.
«Сёньня... мы прымаем меры па ўвядзеньні візавых абмежаваньняў у дачыненьні да дзясяткаў грузінскіх фізычных асобаў. Гэта тычыцца асобаў, адказных за падрыў дэмакратыі ў Грузіі, у прыватнасьці за падрыў свабоды мірных сходаў і асацыяцый, гвалтоўныя напады на мірных дэманстрантаў, запалохваньне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і наўмыснае распаўсюджваньне дэзынфармацыі па ўказаньні ўраду Грузіі», — растлумачыў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Мэт'ю Мілер.
Ён зазначыў, што санкцыі распаўсюджваюцца і на сямейнікаў гэтых асобаў.
Паводле Мілера, першыя візавыя абмежаваньні закрануць чальцоў кіроўнай партыі «Грузінская мара», дэпутатаў парлямэнту, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прыватных асобаў.
«Мы спадзяёмся, што лідэры Грузіі перагледзяць свае дзеяньні і зробяць крокі для руху наперад у рэалізацыі даўніх дэмакратычных і эўраатлянтычных памкненьняў іх краіны, — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту. — Калі яны гэтага ня зробяць, ЗША гатовыя прыняць дадатковыя меры».
Мілер заявіў, што ЗША па-ранейшаму глыбока занепакоеныя антыдэмакратычнымі дзеяньнямі «Грузінскай мары», а таксама нядаўнімі заявамі і рыторыкай партыі.
«Гэтыя дзеяньні могуць пашкодзіць эўрапейскай будучыні Грузіі і супярэчаць Канстытуцыі Грузіі і жаданьням яе народу», — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.
Ён нагадаў, што дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен нядаўна абвясьціў пра комплексны перагляд усіх аспэктаў двухбаковага супрацоўніцтва ЗША і Грузіі ў сьвятле нядаўніх падзей.
«Павінен сказаць, што мы працягнем перагляд фінансавай дапамогі Грузіі, і ўсё гэта патэнцыйна знаходзіцца пад пагрозай», — сказаў Мілер.
Рашэньне Вашынгтону пракамэнтавала былая міністарка юстыцыі і экс-генэральная пракурорка Тэа Цулукіяні, якая цяпер займае пасаду міністаркі культуры, спорту і ў справах моладзі. Паводле яе слоў, пэўныя сілы ў Вашынгтоне «спрабуюць украінізаваць Грузію» і ператварыць яе ў «задні двор» ЗША.
Увядзеньне санкцый Цулукіяні назвала «чарговай памылкай», якую, «на жаль, ЗША дапускаюць ва ўзаемаадносінах са сваім стратэгічным партнэрам — Грузіяй». «Гэта ня першая памылка, і можна меркаваць, што будуць дапушчаны і іншыя памылкі. Пра гэта сьведчыць дынаміка разьвіцьця падзей», — адзначыла міністарка.
Тым ня менш Цулукіяні падкрэсьліла, што Грузія «застаецца верная стратэгічнаму партнэрству з ЗША і ніколі не адмаўлялася ад сяброўства зь імі». Пры гэтым яна нагадала, што шмат грузінскіх жаўнераў загінулі падчас місіяў у Іраку і Афганістане. Тым ня менш, па сьцьвярджэньні міністаркі, мэта ўвядзеньня санкцый — «раззлаваць народ і настроіць яго супраць свайго ўраду», у выніку чаго грузінскі народ можа застацца без «шчыта», які «абараняе яго» ад вайны і «ўкраінізацыі».
Заснавальнік апазыцыйнай партыі «Ахалі», мэдыямэнэджар і адзін зь лідэраў руху супраць «закону аб замежных агентах» Ніко Гварамія сказаў, выступаючы ў этэры апазыцыйнай тэлекампаніі «Галоўны канал», што Вашынгтон усе апошнія дні вёў інтэнсіўныя кансультацыі зь ім і іншымі лідэрамі руху пратэсту для ўдакладненьня сьпісу асоб, вінаватых у зьнявазе дэмакратычных нормаў і ўжываньні сілы супраць дэманстрантаў, а таксама дэпутатаў, якія найбольш актыўна выступалі за «рэпрэсіўны закон, накіраваны супраць грамадзянскай супольнасьці».
Грузінскія экспэрты перакананыя, што ўвядзеньне амэрыканскіх санкцый яшчэ больш пагоршыць становішча кіруючай у Грузіі партыі напярэдадні вырашальных парлямэнцкіх выбараў, заплянаваных на 26 кастрычніка. «Яны, можна сказаць, ужо прайгралі будучыя выбары», — заявіў Радыё Свабода грузінскі палітоляг Аляксандар Твалчрэлідзэ. На яго думку, «краіна павінна рыхтавацца да непазьбежнай зьмены ўлады восеньню».
Апазыцыя вітала рашэньне Вашынгтону. Старшыня партыі Міхэіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» (АНР) Леван Хабеішвілі выказаў надзею, што «першы транш санкцый», пра які падчас брыфінгу згадаў Мэт'ю Мілер, — «толькі пачатак», і ён напэўна будзе мець працяг як у пляне ахопу большай колькасьці прадстаўнікоў грузінскай улады, так і ўзмацненьня жорсткасьці саміх санкцый.
Форум