Пра гэта малдоўскай службе Радыё Свабода паведаміла прэс-сакратарка СІБ Даніэла Мынзат. Пра якую крымінальную справу ідзе гаворка, яна не ўдакладніла. Інфармацыю пра ператрусы пацьвердзіў прадстаўнік пракуратуры Малдовы Эміль Гайтур.
Крыніцы малдоўскай службы Радыё Свабода паведамляюць, што расьсьледаваньне вядзецца ў справе аб шпіянажы ў дачыненьні да кіраўніка юрыдычнага дэпартамэнту парлямэнту Малдовы Іона Крангэ. Паводле суразмоўцаў мэдыя, чыноўніка злавілі з доказамі злачынства, калі ён перадаваў інфармацыю супрацоўнікам амбасады Расеі ў Кішынёве.
Паводле крыніц выданьня NewsMaker, ператрусы зьвязаныя з расьсьледаваньнем справы аб здрадзе радзіме.
Калі інфармацыя аб шпіянажы пацьвердзіцца афіцыйна, гэта будзе другі выпадак у Малдове за апошнія два месяцы.
- У чэрвені журналісты-расьсьледнікі выданьня The Insider апублікавалі інфармацыю, паводле якой былы кіраўнік Генштабу Малдовы Ігар Горган падтрымліваў шчыльныя адносіны з расейскім вайсковым аташэ ў Малдове Аляксеем Макаравым, якога расьсьледнікі называюць «куратарам з ГРУ» (расейскай вайсковай выведкі).
- Пракуратура па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і асаблівых справах Малдовы завяла крымінальную справу па факце перадачы зьвестак, зьвязаных з сыстэмай нацыянальнай абароны краіны. Горган, які адмаўляе ўсе абвінавачаньні, цяпер пад сьледзтвам.
- У ліпені 2023 году The Insider выпусьціў расьсьледаваньне пра меркаваных супрацоўнікаў спэцслужбаў у расейскай амбасадзе ў Кішынёве. Пасьля гэтага Малдова выслала з краіны беспрэцэдэнтна вялікую колькасьць расейскіх дыпляматаў.
- З таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, Кішынёў асьцерагаецца, што Масква можа выкарыстоўваць непрызнанае Прыднястроўе для адкрыцьця новага фронту на паўднёвым захадзе, у напрамку Адэсы. У Прыднястроўі знаходзяцца каля паўтары тысячы расейскіх вайскоўцаў.
Форум