Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША, Канада, Вялікая Брытанія заявілі пра падрыўную дзейнасьць Расеі ў Малдове


Дзяржаўныя сьцягі ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады. Ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўныя сьцягі ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады. Ілюстрацыйнае фота

Урады ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады выступілі з супольнай заявай.

Краіны папярэдзілі Кішынёў аб тым, што Расея рыхтуецца да падрыўной дзейнасьці супраць дэмакратычных інстытутаў і ўмяшаньня ў працэс выбараў прэзыдэнта Малдовы ўвосень 2024 году.

«Расея мае намер распаліць пратэсты ў Малдове, калі не пераможа прарасейскі кандыдат. Яны імкнуцца распаліць нэгатыўнае ўспрыманьне грамадзтвам заходніх урадаў і дзейнага кіраўніцтва Малдовы, прыніжаючы пры гэтым давер грамадзтва да здольнасьці Малдовы забясьпечваць сваю бясьпеку і падтрымліваць вяршэнства закону», — адзначаецца ў заяве.

Паводле ўрадаў ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі, Расея ўжо цяпер падтрымлівае некаторых кандыдатаў у Малдове, і рыхтуе спэцыяльныя «інфармацыйныя апэрацыі».

«Частка гэтых апэрацый будзе ўключаць распаўсюджваньне хлусьні аб намерах дзейнага прэзыдэнта, а таксама аб меркаваных парушэньнях на выбарах. Калі ўмяшаньне Расеі ў выбары ў Малдове акажацца беспасьпяховым, ёсьць падставы меркаваць, што Масква будзе працаваць, каб распаліць пратэсты», — перакананыя замежныя партнэры Малдовы.

У заяве адзначаецца, што ўсю атрыманую інфармацыю аб намерах Крамля перадалі ўладам Малдовы, каб яны маглі правесьці далейшае расьсьледаваньне, перашкодзіць і сарваць пляны Расеі.

«Мы будзем працягваць цеснае супрацоўніцтва з урадам Малдовы ў гэтым пляне. Мы таксама будзем працягваць спрыяць прыцягненьню да адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў схемах таемнага фінансаваньня Крамлём палітычнай дзейнасьці ў Малдове. І мы ўвялі санкцыі — і будзем працягваць прымаць меры супраць тых асоб і арганізацый, якія спрабуюць дэстабілізаваць дэмакратычныя інстытуты Малдовы».

Урады ЗША, Канады і Вялікай Брытаніі заклікалі Крэмль адмовіцца спробаў падарваць дэмакратычныя інстытуты ў Малдове.

«Раскрываючы намеры Крамля, мы даём зразумець Маскве, што мы выступаем за свабодныя і справядлівыя выбары і не пацярпім яе спробаў умяшацца і падарваць дэмакратычныя працэсы. Мы заклікаем Крэмль адмовіцца ад гэтых намаганьняў па падрыве дэмакратыі ў Малдове і паважаць яе сувэрэнітэт і вынікі свабодных, справядлівых і незалежных выбараў», — адзначаецца ў супольнай заяве.

Прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Малдове 20 кастрычніка разам з рэфэрэндумам аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз.

У пачатку сакавіка кіраўнік Службы бясьпекі і выведкі Малдовы Александру Мусьцяцэ папярэдзіў, што Расея зьбіраецца ўмешвацца ў выбары і сабатаваць працэс уступленьня Малдовы ў Эўразьвяз.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG