Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі знайшлі абломкі расейскага дрона. У NATO назвалі інцыдэнт «патэнцыйна небясьпечным»


Фрагмэнты расейскага дрона, знойдзеныя паблізу вёскі Плаўру, Румынія. 25 ліпеня 2024
Фрагмэнты расейскага дрона, знойдзеныя паблізу вёскі Плаўру, Румынія. 25 ліпеня 2024

Мінабароны Румыніі паведаміла, што на тэрыторыі краіны знайшлі абломкі расейскага дрона. У NATO асудзілі інцыдэнт, але не пабачылі ў ім прыкметаў наўмыснага нападу на тэрыторыю Альянсу.

Мінабароны Румыніі 25 ліпеня заявіла, што выявіла фрагмэнты расейскага бесьпілётніка «Герань-2» на тэрыторыі краіны — у раёне сяла Плаўру, непадалёк ад украінскага партовага гораду Ізмаіл, які расейцы атакуюць другую ноч запар.

У паведамленьні, апублікаваным на сайце румынскага абароннага ведамства, сказана, што спэцыялісты ведамства знайшлі абломкі на адным з трох магчымых месцаў падзеньня расейскіх дронаў. Пошукі абломкаў дронаў у прымежных раёнах Румыніі працягваюцца.

Два фінскія зьнішчальнікі F-18, якія ўдзельнічаюць у місіях NATO па ахове паветранай прасторы Румыніі, былі паднятыя ў паветра для назіраньня, дадалі ў ведамстве. У паведамленьні таксама адзначаецца, што ўсе ўчасткі тэрыторыі, дзе маглі ўпасьці бесьпілётнікі, «знаходзіліся па-за межамі жылых раёнаў і ніякія элемэнты інфраструктуры не былі пашкоджаныя».

Здарэньне пацьвердзіў і ўкраінскі бок. Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале камандуючы Паветраных сіл Украіны Мікалай Аляшчук, у мінулую ноч войскі Расеі выпусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны 38 дронаў, пры гэтым украінскія вайскоўцы зьнішчылі 25 зь іх, а яшчэ тры бесьпілётнікі «былі згубленыя пасьля перасячэньня дзяржаўнай мяжы з Румыніяй».

Камэнтуючы паведамленьні пра знойдзеныя абломкі расейскага дрона на тэрыторыі Румыніі, прадстаўнік NATO заявіў, што няма ніякіх прыкметаў наўмыснага нападу на тэрыторыю Альянсу.

«Хоць NATO ня мае інфармацыі, якая ўказвае на наўмысную атаку Расеі на тэрыторыю саюзьнікаў, гэтыя дзеяньні безадказныя і патэнцыйна небясьпечныя», — падкрэсьліваецца ў заяве прэс-сакратара альянсу.

Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў 25 ліпеня, што ў выніку падзеньня абломкаў дрона ў прыватны дом у Ізмаільскім раёне два чалавекі атрымалі раненьні.

Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Кіева Сяргей Папко паведаміў, што бесьпілётнікі атакавалі сталіцу Ўкраіны з розных кірункаў, але ўсе яны былі зьнішчаныя на подступах да Кіева; паведамленьняў пра разбурэньни і ахвяры ў Кіеве не паступала.

Улады Хэрсонскай вобласьці паведамілі, што адзін чалавек быў забіты на вуліцы ў выніку ўдару расейскага дрона.

Паводле кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Жытомірскай вобласьці, абломкі зьбітых над вобласьцю дронаў пашкодзілі 10 прыватных дамоў і адзін аб’ект інфраструктуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG