Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украінцы спрабавалі нас памірыць». Шараговыя ваяры палка Каліноўскага расказалі пра сутнасьць канфлікту ў структуры


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Полк Каліноўскага выступіў з заявай пра зьмену камандзіра і пачатак рэфармаваньня. Тэлеграм-канал падразьдзелу паведаміў пра «страту элемэнтаў самакіраваньня».

19 ліпеня полк імя Каліноўскага на сайце заявіў пра зьмену камандзіра і рэформы. Раней камандзірам палка быў Дзяніс «Кіт» Прохараў. Цяпер выканаўцам абавязкаў камандзіра стаў Павал «Дзядзька» Шурмей. Тым часам на сайце, які называецца «афіцыйным сайтам палка» па адрасе https://bel.army/ няма заяў пра рэформы ці зьмену камандзіра. 22 ліпеня ў тэлеграм-канале ПКК зьявілася паведамленьне, што «полк страчвае элемэнты самакіраваньня», а новыя ўмовы набору рэкрутаў «зьнішчаюць працоўную сыстэму, збудаваную за больш чым 2 гады». Таксама сьцьвярджаецца, што вайсковая частка, дзе месьціцца полк, патрабуе ў прэсавай службы структуры аддаць доступ да сацыяльных сетак палка, якія «належаць усёй беларускай нацыі».

22 ліпеня Павал Шурмей даў інтэрвію афіцыйнаму youtube-каналу Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, дзе расказаў пра рэформы ў падразьдзеле.

Паводле добраахвотніка, перамены пачаліся некалькі месяцаў таму. Яны накіраваныя на тое, каб палепшыць баяздольнасьць, павялічыць фінансавую празрыстасьць, каб беларусы замежжа і ня толькі беларусы дапамагалі фінансава і каб валянтэры хацелі працаваць з палком. Шурмей таксама заявіў, што хоча зрабіць лепшым рэкрутынг, каб у полк ішлі людзі, «каб беларусаў і ня толькі беларусаў з баявым досьведам было яшчэ больш, каб у патрэбны момант гэтыя людзі маглі навучыць іншых людзей».

Павал «Дзядзька» Шурмей
Павал «Дзядзька» Шурмей

«Не займаю ніводнага боку ў канфлікту»

Баец палка імя Кастуся Каліноўскага Ян Мельнікаў у камэнтары Свабодзе зазначыў, што не займае ніводнага боку ў канфлікце, бо займаецца баявой працай. Ён чытаў паведамленьне на афіцыйным тэлеграм-канале палка і ня згодны з напісаным там.

«Словы сьмешныя (пра тое, што сацыяльныя сеткі палка Каліноўскага належаць беларускай нацыі. — РС), бо доступ да тэлеграм-каналу мае ўкраінка, жонка аднаго з каліноўцаў, які займаўся арганізацыйнай працай. Таму не разумею, як гэта тычыцца словаў пра ўвесь беларускі народ альбо ўсю нацыю. Што датычыцца заявы ў тэлеграм-канале пра тое, што „праз згоду на ўмовы вайсковай часткі ён страціў аўтарытэт сярод пераважнай большасьці камандзіраў“, то дакладна хлусьня. Па-першае, ніякага апытаньня ці галасаваньня не адбывалася пра падтрымку ці непадтрымку. Па-другое, што тычыцца тых, хто не падтрымаў з баявых камандзіраў, менавіта калі размова пра камандзіраў кірункаў (БПЛА, мэдыцына, артылерыя, а не асобных разьлікаў гэтых падразьдзелаў), то, на мой асабісты погляд, большасьць падтрымала „Дзядзьку“», — патлумачыў добраахвотнік.

Мельнікаў таксама падкрэсьліў, што сапраўды ня мае інфармацыі наконт рэформаў, якія цяпер адбываюцца ў структурным пляне, таму што паглыблены выключна ў арганізацыю баявой працы.

Яшчэ некалькі беларускіх ваяроў, да якіх зьвярнулася Свабода, назвалі сытуацыю «нармальным працэсам», які адбываецца на вайне і якіх цывільныя не зразумеюць. Беларускі добраахвотнік, які ваюе не ў ПКК, а ва ўкраінскім падразьдзеле, выказаўся, што «гэтую структуру трэба расфармаваць, а байцоў разьмеркаваць па ўкраінскіх падразьдзелах».

Дзяніс «Кіт» Прохараў
Дзяніс «Кіт» Прохараў

«Амбіцыі некаторых людзей»

На ўмовах ананімнасьці Свабода пагутарыла з добраахвотнікам Паўлам (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы зь меркаваньняў бясьпекі. — РС). Ваяр кажа, што ўнутраны канфлікт у вайсковай адзінцы пачаўся сёлета ў красавіку праз «амбіцыі некаторых людзей». Па яго словах, пасьля таго як частка добраахвотнікаў вырашыла балятавацца ў Каардынацыйную раду, на сходзе камандзіраў «Кіт» (Дзяніс Прохараў, на той момант камандзір ПКК. — РС) і Вадзім Кабанчук прагаласавалі за тое, каб полк не ішоў у КР.

«Але яны хацелі ісьці туды асабіста. У любой краіне, калі ты ідзеш у выбарчыя органы, ты пакідаеш пасаду. Яны не пагадзіліся. Але камандзіры прадстаўляюць байцоў, аднаасобна такія рашэньні прымацца ня могуць. З гэтага пачалося — і вылілася ў гісторыю, якую маем сёньня. Праз амбіцыі некаторых», — тлумачыць добраахвотнік.

Пра сытуацыю ў палку Свабодзе таксама расказаў яшчэ адзін ваяр, які пажадаў застацца ананімным. Паводле Андрэя (імя зьмененае. — РС), галоўная праблема ў сёньняшняй сытуацыі — асабістыя амбіцыі людзей і нежаданьне дамаўляцца. Па словах суразмоўцы, крызіс пачаўся сёлета ўвесну і працягнуўся летам. Баец сьцьвярджае, што ўвесь час існаваньня палка, нават у часы, калі беларускія добраахвотнікі «Волат» і «Брэст» былі жывыя, былі непаразуменьні паміж баявымі камандзірамі і кіеўскім штабам. Андрэй лічыць, што штаб «на сябе шмат браў, але па факце займаўся толькі рэкрутынгам і валянтэрскай дапамогай».

Увесну, паводле суразмоўцы, сытуацыя абвастрылася, бо Мікола Дземідзенка, які быў у штабе, падышоў да баявога камандзіра пяхотнай групы і сказаў, што ён яго звальняе.

«Праз гэта проста ўжо пункт невяртаньня пачаўся», — кажа суразмоўца. Ён лічыць, што канфлікт ляжаў па лініі «баявыя камандзіры — штаб». Але зазначае, што сярод баявых камандзіраў ёсьць і такія, якія падтрымліваюць штаб сёньня.

Ваяры палка Каліноўскага, архіўнае фота
Ваяры палка Каліноўскага, архіўнае фота

«Цяпер існуюць паралельныя структуры»

Па словах крыніц Свабоды, зараз выканаўцу абавязкаў камандзіра ПКК Паўла «Дзядзьку» Шурмея падтрымлівае большасьць баявых камандзіраў. Цяпер існуюць паралельныя структуры, якія бяруць на сябе ўсё тое, чым займаўся «стары» штаб, і будуць выконваць тыя ж функцыі.

Добраахвотнік Андрэй сьцьвярджае, што Павал Шурмей мае вялікую павагу сярод ваяроў, бо ён баявы камандзір і, нягледзячы на моцныя раненьні, вярнуўся ў шэрагі і выконваў задачы.

«Стары штаб спрабуе ачарніць „Дзядзьку“. Гэта значыць, што яны хочуць паставіць некага больш ляяльнага на пасаду камандзіра, але ў іх нічога ўжо ня выйдзе, бо большасьць ваяроў на баку рэформаў і перамен», — лічыць суразмоўца.

Па яго словах, украінскае кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёну Галоўнага ўпраўленьня выведкі, якім падпарадкоўваецца полк Каліноўскага, спрабавала вырашыць канфлікт, але гэтыя спробы ня мелі плёну.

«Штаб легіёну ўвесь час спрабаваў нас неяк прымірыць, бо яны не разумеюць сутнасьці нашага канфлікту. Прапановы былі такія, што „давайце памірыцеся, вось гэтага чалавека памяняем, гэты застанецца“. Украінцы спрабавалі, як умоўныя каты леапольды: хлопцы, давайце жыць дружна. Але камандзіра палка прызначаюць не ўкраінцы. Мы самі з гэтым разьбіраемся. Я думаю, для ўкраінцаў няма вялікай розьніцы», — разважае Андрэй.

Суразмоўца лічыць, што праз рэфармаваньне рэкрутынгу ахвочым далучыцца да ПКК беларусам будзе лягчэй гэта зрабіць. Раней афармленьне магло займаць па 3-4 месяцы. Цяпер жа, сьцьвярджае добраахвотнік, гэты тэрмін скароціцца да аднаго месяца. Андрэй наракае, што пры «старым» штабе навічкі часам не маглі выбіраць месца службы. Напрыклад, чалавек хацеў працаваць з дронам, а яго накіроўвалі служыць зь мінамётам.

«Галоўная праблема — што людзі ня могуць дамаўляцца і часта не гатовыя ахвяраваць асабістымі амбіцыямі дзеля агульнай справы. Штаб зараз адбудоўваецца і праблемы, спадзяёмся, будуць вырашаныя. Усё гэта пойдзе нам на карысьць», — перакананы ваяр.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG