Дзьмітры Смактуновіч, якога дэпартавалі з Польшчы, адседзеў «суткі» ў Беларусі
Беларускі дальнабойшчык Дзьмітры Смактуновіч, якога 11 чэрвеня дэпартавалі з Польшчы і ён перакрыў рух на нэўтральнай паласе на польскай мяжы, у Беларусі адседзеў трое сутак арышту за «лайк пад відэа». Пра гэта ягоная жонка Натальля распавяла выданьню MOST.
Натальля паведаміла, што яе муж правёў у ізалятары трое сутак за лайк пад відэа, які ён паставіў у 2021 годзе.
«Першапачаткова да яго не было прэтэнзіяў, але забралі цалкам новы тэлефон — і далі трое сутак у КПЗ», — распавяла яна.
Паводле Натальлі, у Беларусі Дзьмітры Смактуновіч уладкаваўся на працу кіроўцам маршрутнага таксі. «Езьдзіць па маршруце Бабруйск — Менск. Думаю, што ня больш за 1 500 беларускіх рублёў атрымлівае. Абяцаў зь першай зарплаты адправіць нам грошы», — паведаміла жонка Дзьмітрыя.
Паводле Натальлі, пасьля дэпартацыі Смактуновіч падаў апэляцыю ў амбасаду Польшчы ў Беларусі. Пакуль адказу не было.
11 чэрвеня былога беларускага дальнабойшчыка Дзмітрыя Смактуновіча дэпартавалі з Польшчы з прычыны ануляванага літоўскага ДНЖ. Пасьля мужчына прасіў у польскага боку міжнародную абарону, але яго вярнулі ў зону паміж Польшчай і Беларусьсю. З прычыны інцыдэнту рух паблізу прапускнога пункта «Тэрэспаль» часова прыпынялі. У выніку Смактуновіч перайшоў на беларускі бок.
Беларускага трэнэра ў настольным тэнісе судзяць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
Аднаго з найлепшых беларускіх трэнэраў у настольным тэнісе Юрыя Лагадзюка судзяць за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Лагадзюку пагражае да 6 гадоў калёніі, піша Tribuna.com Беларусь.
Працэс пачынаецца 24 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе. Справу разглядае судзьдзя Андрэй Сіз.
63-гадовы Юры Лагадзюк прысьвяціў сваё жыцьцё рэабілітацыі людзей з інваліднасьцю праз настольны тэніс. Ягоныя спартоўцы нярэдка выйграюць на спаборніцтвах у Беларусі і ў іншых краінах.
Трэнэр дапамог сотням людзей з інваліднасьцю жыць звычайным жыцьцём, паведамляла «Наша ніва».
У журналіста і праваабаронцы Ігара Казьмерчака прайшоў чарговы ператрус
У праваабаронцы і рэдактара парталу orsha.еu Ігара Казьмерчака адбыўся чарговы ператрус, паведамляе «Віцебская Вясна».
Паводле самога Казьмерчака, ён стаў адным зь фігурантаў новай крымінальнай справы, заведзенай супраць тых, хто даваў інтэрвію СМІ, унесеным у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў».
У сакавіку 2024 году супраць праваабаронцы распачалі спэцвядзеньне, яго будуць судзіць завочна.
Казьмерчака абвінавачваюць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі),
- ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Вядомага сьпевака Руслана Мусьвідаса будуць судзіць за ўдзел у пратэстах
Працэс над Русланам Мусьвідасам пачнецца 26 ліпеня ў судзе Партызанскага раёну Менску. Судзьдзёй у справе прызначаны Аляксандар Супічэнка.
Руслан Мусьвідас — шматгадовы саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестру імя Фінберга. Перамагаў на мностве фэстываляў і вакальных конкурсаў, а цяпер выбірае пераможцаў сам: ён быў у журы праекту X Factor Belarus, які праходзіў на тэлеканале «Беларусь-1».
Мусьвідас зьяўляецца на большасьці дзяржаўных канцэртаў — на сьвятах, «Славянскім базары», рэспубліканскім выпускным вечары і гэтак далей, здымаецца ў навагодніх тэлеканцэртах. Сьпявае ён і на выбарах — у адзіны дзень галасаваньня 25 лютага 2024 году ён выступаў на «забаўляльнай праграме для жыхароў Заводзкага раёну» на адным з выбарчых участкаў, піша «Люстэрка».
Стала таксама вядома, што ў мінулым месяцы паводле «народнага» артыкула асудзілі і жонку сьпевака Руслана Мусьвідаса Вераніку.
Згодна з раскладам судовых пасяджэньняў на сайце Вярхоўнага суду, яе справу 25 чэрвеня разглядалі ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску. Вынік судовага працэсу пакуль не вядомы.
Вераніка — тэлевядоўца і музыка, менавіта яна піша песьні мужу. У пары трое дзяцей.
Сяргею Яфімаву дадалі яшчэ год зьняволеньня, Яўгена Афнагеля другі раз хочуць перавесьці на турэмны рэжым
У судзе Барысаўскага раёна 16 траўня палітвязьню Сяргею Яфімаву вынесьлі прысуд па новай крымінальнай справе. Судзьдзя Людміла Зінкевіч прызнала яго вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) і прызначыла яму яшчэ адзін год зьняволеньня ў дадатак да 4 гадоў калёніі, паведамляе «Вясна». Гэта ўжо другі суд над палітвязьнем па гэтым артыкуле.
Сяргея Яфімава затрымалі летам 2020 году. Паводле абвінавачаньня, 9 жніўня ён нібыта распыліў газ у твар міліцыянту і ўдарыў яго. Яфімаў атрымаў 3 гады калёніі па артыкулу аб гвалце ў дачыненьні да міліцыянта. Пазьней яму ўзмацнілі жорсткасьць пакараньня і перавялі на турэмны рэжым. У чэрвені 2023 году яго ўпершыню судзілі па артыкуле аб непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі — ён атрымаў год зьняволеньня. З улікам новага прысуду тэрмін зьняволеньня Яфімава складзе 5 гадоў.
Тым часам у Наваполацку 29 ліпеня адбудзецца чарговы суд па замене рэжыму ўтрыманьня палітзьняволенага актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. Па выніках суду палітвязьня могуць перавесьці ў турму. Справу будзе разглядаць судзьдзя Віталь Лапко, піша «Вясна».
Яўгена Афнагеля, асуджанага да 7 гадоў калёніі, утрымліваюць за кратамі тры гады і 10 месяцаў. У траўні, пасьля двух гадоў на турэмным рэжыме, палітвязьня зноў перавялі ў наваполацкую калёнію, дзе ён раней адбываў свой тэрмін. Адразу па прыбыцьці ў калёнію адміністрацыя зьмясьціла яго ў ШЫЗА на 45 содняў, а потым перавяла ў ПКТ.
На ўдзельніка праекту «Хрысьціянская візія» завялі крымінальную справу
Супраць удзельніка працоўнай групы «Хрысьціянскай візіі» Дзьмітрыя Карняенкі распачалі крымінальную справу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»
Пра гэта паведамляе «Віцебская Вясна» з спасылкай на сацсеткі мужчыны.
«Гэтыя два тыдні сьледчыя наведваюць родных у Віцебску і Воршы. Як я зразумеў, вядзеньне ў маёй папярэдняй справе (арт. 361-1 КК, „Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня“) не змаглі пацягнуць, бо апытвалі цяпер паводле 361-4 („Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці“). Разумею хлопцаў: зьбіраць доказы — справа нялёгкая. Таму рашылі ісьці прасьцейшым шляхам. Ставяць у віну інтэрвію „Белсату“», — напісаў актывіст у Фэйсбуку.
Дзьмітрый — удзельнік працоўнай групы «Хрысьціянскай візіі». Ён быў вымушаны выехаць зь Беларусі ў верасьні 2021 году, супраць яго распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 361 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»). Перад тым яго судзілі ў адміністрацыйных справах за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.
Праваабаронцы маюць зьвесткі, што цяпер у Віцебску актыўна шукаюць тых, хто даваў інтэрвію «экстрэмісцкім СМІ».
Форум