Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі зноў наракаюць на адсутнасьць ранейшай супрацы з калегамі з суседніх дзяржаў


Канстанцін Моластаў
Канстанцін Моластаў

Ранейшага ўзроўню ўзаемадзеяньня беларускіх памежнікаў з калегамі з сумежных дзяржаў, калі яны «ў рэжыме онлайн маглі стэлефанавацца, пагутарыць», цяпер няма «з прычыны нежаданьня супрацоўнікаў сумежных краін».

Пра гэта заявіў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Канстанцін Моластаў 21 ліпеня ў этэры тэлеканалу АНТ, перадае «Позірк».

У той жа час, паводле яго, захавалася ўзаемадзеяньне ў рашэньні бягучых тэхнічных пытаньняў, якія ўзьнікаюць на дзяржаўнай мяжы, найперш у пунктах пропуску.

Абстаноўка на паўднёвых рубяжах Беларусі, сьцьвярджае Моластаў, «застаецца складанай і напружанай, бо на тэрыторыі сумежнай Украіны вядуцца баявыя дзеяньні». Ён адзначыў, што сумежны бок «узмацняецца мінна-выбуховымі загародамі, працягваюцца захады выведкі, у тым ліку палёты бесьпілётных апаратаў, але пры гэтым скарацілася колькасьць правакацый на мяжы».

У той жа час, паводле сьцьвярджэньня кіраўніка ДПК, абстаноўка на заходніх рубяжах «яшчэ больш складаная ў сувязі з моцным нарастаньнем мілітарызацыі памежжа з боку сумежных дзяржаў».

«Гэта нарошчваньне ваеннага патэнцыялу, вайсковай сілы, разгортваньне паблізу дзяржаўнай мяжы шырокамаштабных і шматлікіх падразьдзелаў, вайсковых фармаваньняў, якія мы бачым і адсочваем», — патлумачыў Моластаў.

Пры гэтым Моластаў не згадаў нядаўніх манэўраў беларускага і кітайскага войскаў на Берасьцейшчыне, у непасрэднай блізкасьці да мяжы з Польшчай.

На яго думку, «пасылам» да складанай міграцыйнай абстаноўкі на заходніх рубяжах Беларусі «зьявілася тое, што калісьці Эўрапейскі зьвяз прапаноўваў усім мігрантам палітычны прытулак, працу і гэтак далей».

«Але, на жаль, зараз усё адбываецца наадварот. Цяпер мігранты просяць палітычнага прытулку ў краінах Балтыі, у Польшчы, цярпяць гвалтоўнае выправаджэньне, выцясьненьне, і, адпаведна, не выконваюцца тыя абяцаньні, якія былі калісьці дадзеныя», — заявіў кіраўнік ДПК, не прывёўшы, як у свой час Аляксандар Лукашэнка, ніякіх доказаў, што ЭЗ прапаноўваў прыняць усіх мігрантаў.

Кантакты па лініі памежных службаў Беларусі і Ўкраіны спыніліся праз падтрымку Менскам расейскай ваеннай агрэсіі.

Узаемадзеяньне з сумежнымі краінамі Эўразьвязу шмат у чым згорнутае ў сувязі зь мігранцкім крызісам, які працягваецца зь вясны 2021 году. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG