Карэспандэнтка «Голасу Амэрыкі» Ганна Плотнікава паразмаўляла зь ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год, беларускай пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч, чый подпіс стаіць першым пад згаданым адкрытым лістом.
Сьвятлана Алексіевіч назвала выхад на волю беларускіх палітвязьняў «першым крокам» на шляху да поўнага вызваленьня вязьняў сумленьня.
«Я рада, што гэта здарылася, праўда, там мы ня ўбачылі тых людзей, пра якіх нічога ня чуем ужо два гады. Гэта было вельмі асьцярожнае дзеяньне, але дзякуй богу, што гэта пачалося. Я спадзяюся, што пачалося», — удакладніла Алексіевіч.
Пісьменьніца дадала, што яна размаўляла на гэтую тэму са сваімі калегамі.
«Усе хочуць нешта зрабіць для людзей, якія мучацца ў турме ўжо працяглы час. І ўсе гатовыя нешта рабіць. Але наколькі нашыя лісты моцныя, наколькі нашыя словы дзейнічаюць? Я спадзяюся, што яны больш дзейнічаюць на грамадзтва, на грамадзкую атмасфэру страху, у якой жыве беларускі народ. Сказаць, што мы напісалі ліст і людзей сталі адпускаць, нельга, але мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах.
Мы можам толькі пісаць. Я ня ведаю, што ў нас ёсьць, акрамя слова і гэтых лістоў», — лічыць пісьменьніца.
На думку Алексіевіч, наступнай акцыяй павінна быць патрабаваньне да рэжыму Лукашэнкі даць пабачыць палітвязьняў, якія доўгі час знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада.
«Каб мы даведаліся, ці жывыя яны. Ужо каля двух гадоў ніхто нічога пра іх ня чуў. Мікола Статкевіч таксама вельмі моцны чалавек, але мы вельмі баімся за іх, яны ж усе там хварэлі — Маша Калесьнікава была хворая і ёй нават зрабілі апэрацыю, Бабарыка быў хворы, а ён і так ня вельмі здаровы чалавек. Саша Фядута таксама сядзіць больш за тры гады, а ён выключна хворы чалавек. І Алесь Бяляцкі таксама, а мы нічога пра іх ня чуем», — дадала яна.
Свой кароткі камэнтар Сьвятлана Алексіевіч падсумавала так: «Пералічваеш гэтыя імёны, і становіцца страшна — як іх шмат! А нас яшчэ больш, і мы бясьсільныя».
- 12 ліпеня група ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі апублікавала адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У ім яны віталі прыняцьце закону аб амністыі і «першыя крокі па вызваленьні цяжка хворых палітвязьняў» і заклікалі Лукашэнку правесьці ўсеагульную палітычную амністыю.
- На момант напісаньня артыкула адкрыты зварот падпісалі ўжо 62 ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі (прэміі міру, а таксама прэмій у галіне літаратуры, хіміі, фізыкі, эканомікі і фізіялёгіі або мэдыцыны).
- 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка анансаваў вызваленьне цяжкахворых апанэнтаў улады. Праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра 18 палітзьняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня.
- Паводле стану на 17 ліпеня ў Беларусі цяпер сама меней 1388 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць значна большай.
- Некаторыя палітвязьні маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым неабходнай мэдычнай дапамогі яны, як правіла, не атрымліваюць. Паводле зьвестак «Вясны» на пачатак траўня, праваабаронцам вядома сама меней пра 254 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх 91 чалавек зь цяжкім станам здароўя, 65 тых, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто зь іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем), 16 з інваліднасьцю.
Форум