Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага намесьніка міністра абароны Беларусі


Аляксандар Навуменка, архіўнае фота
Аляксандар Навуменка, архіўнае фота

17 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы аб прызначэньні новага намесьніка міністра абароны і камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл, паведамляе БелТА са спасылкай на ягоную прэс-службу.

Генэрал-маёр Аляксандар Навуменка прызначаны намесьнікам міністра абароны Беларусі замест вызваленага ад гэтай пасады і звольненага ў запас па ўзросьце генэрал-маёра Андрэя Жука.

Навуменка скончыў Менскую сувораўскую ваенную вучэльню, Харкаўскую вышэйшую вайсковую камандную танкавую вучэльню, а таксама Ваенную акадэмію Беларусі. Служыў у 30-й гвардзейскай Іркуцка-Пінскай дывізіі, пасьля скарачэньня перавёўся ў 5-ю асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня, якую ўзначаліў у 2010 годзе. Таксама служыў у галоўным выведвальным і галоўным апэратыўным упраўленьнях Генштабу Беларусі.

Да гэтага часу Аляксандар Навуменка займаў пасаду камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл. Цяпер на гэтую пасаду прызначаны генэрал-маёр Аляксандар Бас, які вызвалены ад пасады начальніка галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Ўзброеных сіл.

Аляксандар Бас скончыў Чалябінскую вышэйшую танкавую камандную вучэльню і Ваенную акадэмію Беларусі. Служыў у 50-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе Сіл спэцыяльных апэрацый, у штабе Сухапутных войскаў, а таксама ў Галоўнай вайсковай інспэкцыі і войсках Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

  • Нядаўна Аляксандар Навуменка атрымаў званьне «Заслужаны спэцыяліст Узброеных сіл». Адпаведную ўзнагароду 2 ліпеня яму ўручыў Аляксандар Лукашэнка.
  • Сёлета 26 сакавіка Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня палігону ў Ашмянскім раёне, дзе праходзіла праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, абмяркоўваў з Аляксандрам Навуменкам Сувальскі калідор. Падчас гэтага дыялёгу Лукашэнка прыгразіў магчымым «супрацьстаяньнем балтыйскім рэспублікам», а Навуменка адсправаздачыўся, што «існуюць дакумэнты ваеннага плянаваньня, і ўсе дзеяньні сплянаваныя, пытаньні баявой гатоўнасьці адпрацоўваюцца, асабовы склад рыхтуецца» і інш.
  • 29 сакавіка з нагоды гэтых выказваньняў Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG