Два генэрал-маёры Ўзброеных сіл Беларусі — нядаўна прызначаны начальнік Генштабу, першы намесьнік міністра абароны Павал Муравейка і камандуючы войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандар Навуменка — атрымалі званьне «Заслужаны спэцыяліст Узброеных сіл».
Адпаведныя ўзнагароды 2 ліпеня ўручыў Аляксандар Лукашэнка.
«Такая ўзнагарода накладае вялікую адказнасьць. Гэта ганарова. Цяпер складаная абстаноўка, усе хочуць міру, будаваць дамы, нараджаць і гадаваць дзяцей, вучыцца», — працытавала Аляксандра Навуменка прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.
Камандуючы Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня дадаў, што расцэньвае гэтую ўзнагароду як не сваю заслугу, а заслугу «бацькоў, сямей, пэдагогаў, начальнікаў, падначаленых калектываў злучэньня і вайсковых частак, якія выконваюць штодзённыя задачы ў забесьпячэньні бясьпекі нашай дзяржавы».
Сёлета 26 сакавіка Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня палігону ў Ашмянскім раёне Горадзенскай вобласьці, дзе праходзіла праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі, абмяркоўваў з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандрам Навуменкам Сувальскі калідор.
Дыялёг адбыўся ў прысутнасьці іншых вайскоўцаў. Пры гэтым усе яны стаялі, а Лукашэнка сядзеў за сталом, на якім знаходзіўся ягоны гадаванец шпіц Умка. Перад Лукашэнкам на экране дэманстравалася паведамленьне «Групоўка авіяцыі на тэрыторыі сумежных дзяржаў і выведнай дзейнасьці супраць Рэспублікі Беларусь».
«Каб мы ня ставіліся спрошчана да гэтага, мы мусім ведаць, да чаго яны рыхтуюцца, паколькі яны ўвесь час вякаюць пра гэты Сувальскі калідор. Колькі тут кілямэтраў да Расеі, да Калінінградзкай вобласьці ад нашых межаў?» — запытаў Лукашэнка.
На адказ, што адлегласьць складае 42 кілямэтры, калі наўпрост, і 90 кілямэтраў, калі па мяжы, Лукашэнка заявіў: «Практычна нічога. Дарма яны так сябе паводзяць. Але ў цяперашні момант табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш?».
«Там невялікую, паўночную», — сказаў Навуменка.
«Паўночна-ўсходнюю? Сплянавана? Ты ўпэўнены, што гэта па фронце тэрыторыя і ты яе ўтрымаеш сваімі войскамі?» — запытаў Лукашэнка.
«Існуюць дакумэнты ваеннага плянаваньня, і ўсе дзеяньні сплянаваныя, пытаньні баявой гатоўнасьці адпрацоўваюцца, асабовы склад рыхтуецца, у тым ліку тое, што прадугледжана паводле вашых указаньняў, а зараз ужо выконваецца па распараджэньні міністра абароны ў межах падрыхтоўкі ўмацавальных раёнаў. Мы ня проста выходзім у раёны палявога выхаду і правядзеньня вучэньняў. Мы, у тым ліку, вось як зараз [выходзім]— у рэальныя раёны, каб асабовы склад, афіцэры ведалі, мясцовасьць, дарогі, ведалі, дзе, як і што, каб мэтазгодна на мясцовасьці маглі прымаць рашэньні і былі гатовыя непасрэдна да рэальных дзеяньняў», — патлумачыў Лукашэнку камандуючы войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандар Навуменка.
29 сакавіка з нагоды гэтых выказваньняў Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
Павал Муравейка некалькі дзён таму заявіў, што Беларусь будзе гатова прымяніць нестратэгічную ядзерную зброю пры ўзьнікненьні пагрозы свайму сувэрэнітэту і незалежнасьці. Лукашэнка прызначыў яго на пасаду начальніка Генэральнага штабу — першага намесьніка міністра абароны сёлета ў траўні.
Форум