Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта было сапраўднае пекла», — кіраўнік дзіцячай бальніцы ў Кіеве на экстраным паседжаньні Рады Бясьпекі ААН


Наступствы ракетнай атакі Расеі на на шпіталь «Охматдит». Кіеў, 8 ліпеня 2024 году
Наступствы ракетнай атакі Расеі на на шпіталь «Охматдит». Кіеў, 8 ліпеня 2024 году

На экстраным пасяджэньні Рады бясьпекі ААН 9 ліпеня ракетны ўдар Расеі па дзіцячай бальніцы «Ахматдзет» у Кіеве назвалі ваенным злачынствам.

«Дзеці і дарослыя крычалі і плакалі ад жаху і болю. Гэта было сапраўднае пекла. Мы выйшлі на двор і ўбачылі, што расейская ракета трапіла па рэанімацыі і лекавым аддзяленьні для хранічнай інтаксыкацыі», — распавёў дырэктар украінскай дзіцячай бальніцы «Ахматдзет» Уладзімір Жоўнір, які выступіў на Радзе Бясьпекі ААН:

Большасьць удзельнікаў экстранага пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН 9 ліпеня рэзка асудзілі расейскі ракетны ўдар па Кіеве, пад які трапіла і дзіцячая бальніца «Ахматдзет», і раскрытыкавалі Маскву, якая паспрабавала перакласьці адказнасьць за гэты ўдар на Ўкраіну, паведамляе Deutsche Welle.

«Наўмысная атака на бальніцу зьяўляецца ваенным злачынствам, і вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. Гэтыя інцыдэнты зьяўляюцца часткай глыбока трывожачай мадэлі сыстэмных нападаў, якія наносяць шкоду ахове здароўя і іншай грамадзянскай інфраструктуры па ўсёй Ўкраіне», — заявіла выканаўца абавязкаў намесьніка генсакратара ААН у гуманітарных пытаньнях Джойс Мсуйя.

Барбара Вудворд зь Вялікай Брытаніі дадала, што атакі Расеі зьяўляюцца «ганьбай для Рады Бясьпекі». Прадстаўнік Францыі назваў удар па бальніцы «Ахматдзет» «чарговым запісам у пераліку ваенных злачынстваў», за якія Расея павінна несьці адказнасьць.

«Мы сабраліся тут сёньня таму, што Расея, пастаянны сябра Рады Бясьпекі, цяперашні старшыня Рады Бясьпекі, напала на дзіцячую бальніцу, і ў мяне нават мурашкі бягуць па сьпіне, калі я прамаўляю гэтую фразу», — заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд.

Намесьнік сталага прадстаўніка Кітая пры ААН Гэн Шуан ня стаў наўпрост асуджаць Маскву. «На жаль, баявыя дзеяньні ў апошні час ня сьціхлі, а час ад часу ўзмацняліся і станавіліся жорсткімі зь цяжкімі стратамі. Кітай глыбока занепакоены гэтым», — сказаў Гэн.

Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя зноў заявіў, што «Расея не наносіць удары па грамадзянскіх аб’ектах Украіны». Паводле яго, мэтай удару па Кіеве быў Кіеўскі завод імя Арцёма, а ў бальніцу «Ахматдзет» нібыта трапіла ракета ўкраінская СПА. Ніякіх доказаў гэтай вэрсіі Нябензя не прывёў.

Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца ў ходзе выступу паказаў удзельнікам пасяджэньня фатаздымкі, на якіх бачныя ракета і яе траекторыя, што ляціць у бальніцу.

Ракетны ўдар РФ па Кіеве і дзіцячай бальніцы

  • Удар па бальніцы «Ахматдзет» у Кіеве «зь вялікай доляй імавернасьці» быў нанесены расейскай ракетай Х-101. Да такой высновы прыйшлі экспэрты Упраўленьня ААН па правах чалавека, якія прааналізавалі відэазапісы і непасрэдна агледзелі пашкоджаньні на месцы, паведаміла кіраўніц місіі назіральнікаў ААН па правах чалавека ва Ўкраіне Даніэль Бель.
  • Паводле апошніх зьвестак, у выніку ўдару па «Ахмадзеце» два чалавекі загінулі і 32 былі параненыя. Як паведаміў раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, усіх пацыентаў разбуранай дзіцячай бальніцы цяпер перавялі ў іншыя мэдыцынскія ўстановы.
  • Акрамя бальніцы «Ахматдзет», ад расейскіх ракетных удараў па Кіеве напярэдадні пацярпеў яшчэ адзін мэдыцынскі цэнтар, там загінулі дзевяць чалавек. «Агулам пашкоджаныя амаль 100 абʼектаў: дзіцячая бальніца, звычайныя дамы, дзіцячыя сады, радзільны дом, каледж, бізнэс-цэнтар», — паведаміў раней Зяленскі.
  • Колькасьць пацярпелых у выніку атакі Расеі па Кіеве вырасла да 100 чалавек, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны. Паводле стану на 19-ую 9 ліпеня вядома пра 30 загінулых, зь іх 4 дзяцей, якіх дасталі з-пад завалаў шматкватэрнага дома. 7 загінулых у Саламянскім раёне, 14 — у Шаўчэнкаўскім і яшчэ 9 — у Дняроўскім раёне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG