Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжка пацярпелых у парку Чалюскінцаў няма». Ці можна патрабаваць кампэнсацыю за траўму на атракцыёне?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Падзеньне адбылося з 3-4 мэтровай вышыні. Цяжка пацярпелых няма. Ва ўсіх толькі лёгкія траўмы і драпіны».

У суботу ў парку імя Чалюскінцаў у Менску зламаўся атракцыён «Лебедзі», зь якога зваліліся некалькі кабінак. Сытуацыю тэлеканалу АНТ пракамэнтаваў намесьнік кіраўніка службы па эксплюатацыі і рамонце атракцыёнаў прадпрыемства «Мінскзелянбуд» Аляксандр Хомчык.

Ён распавёў, што на атракцыёне разбурылася апорная канструкцыя восі:

- Разбурылася канкрэтна зварное злучэньне двух элемэнтаў. Прычыны высьвятляе сьледзтва, якое вядзе Сьледчы камітэт.

Аляксандр Хомчык паведаміў, што падзеньне адбылося з 3-4 мэтровай вышыні. Цяжка пацярпелых няма. Ва ўсіх толькі лёгкія траўмы і драпіны.

Дзяжурны мэханік парку сказаў, што траўмы атрымалі двое дарослых і дзіця:

- Ва ўсіх лёгкія ўдары і драпіны. Адно дзіця вельмі моцна спалохалася, і яго забрала хуткая. З прычыны крыкаў наведвальнікі пачалі масава выклікаць хуткую дапамогу, таму было так шмат машын.

Што рабіць у выпадку траўмы і куды зьвяртацца

Калі вы атрымалі траўму на атракцыёне, найперш варта зьвярнуцца да мэдыкаў. У Беларусі мэдыкі фіксуюць такія траўмы і абставіны іх атрыманьня, а пасьля перадаюць у праваахоўныя органы. Такія парады дае юрыст, былы адвакат Алег Агееў.

«Калі ў Беларусі чалавек трапляе у лякарню з траўмамі арганізма, то лекары фіксуюць гэта і фіксуюць абставіны, пры якіх гэта адбылося. Яны ж пасьля інфармуюць міліцыю, якая пасьля мусіць праводзіць праверку. Таму першапачаткова я б параіў займацца здароўем і чакаць, калі да вас самі зьвернуцца з нагоды гэтых траўмаў. Абавязак дзяржавы за гэтым сачыць: правесьці расьсьледаваньне, каб вызначыць, тут віна пацярпелага ці віна арганізатараў атракцыёнаў», — кажа Алег Агееў.

Таксама пасьля лячэньня можна зьвярнуцца па кампэнсацыю шкоды здароўю.

«Калі будзе дакладна вядома, які памер страт панесла сям’я ў сувязі з траўмай і калі гэта была віна арганізатараў, то яны мусяць гэтыя траты кампэнсаваць. Ці арганізатары атракцыёнаў зьвяртаюцца ў страхавую, а страхавая вяртае гэтыя траты. Большасьць арганізатараў такіх атракцыёнаў страхуецца. Калі ў чалавека цяжкі стан здароўя, то можа быць распачатая крымінальная справа. Важна разумець, што не ва ўсіх выпадках ёсьць віна арганізатараў. Сам пацярпелы можа парушыць правілы карыстаньня, або могуць быць іншыя абставіны», — гаворыць юрыст.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG