Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі праходзяць датэрміновыя парлямэнцкія выбары


Перадвыбарчыя плякаты ў Францыі, чэрвень 2024
Перадвыбарчыя плякаты ў Францыі, чэрвень 2024

У краіне адбываецца першы тур выбараў, якія могуць прывесьці да стварэньня першага ультраправага ўраду краіны пасьля нацысцкай акупацыі падчас Другой усясьветнай вайны.

Другі тур адбудзецца 7 ліпеня, і вынік галасаваньня застаецца вельмі нявызначаным, адзначае АР. Спаборнічаюць тры асноўныя палітычныя блёкі: ультраправае Нацыянальнае аб’яднаньне, цэнтрысцкі альянс прэзыдэнта Эманюэля Макрона і кааліцыя Новага народнага фронту, у якую ўваходзяць левацэнтрысты, зялёныя і радыкальныя левыя сілы.

Ва ўмовах разгромнай перамогі ўльтраправых на выбарах у Эўрапарлямэнт на пачатку чэрвеня Макрон прызначыў датэрміновае галасаваньне, бо баяўся, што інакш вынікі прывядуць да паралічу заканадаўчага органу.

Кіраўнік «Нацыянальнага аб’яднаньня» Жардан Бардэля заявіў, што калі б ён стаў прэм’ер-міністрам, ён быў бы супраць адпраўкі францускіх войскаў ва Ўкраіну — такой магчымасьці Макрон не выключаў. Бардэля таксама заявіў, што адмовіцца ад паставак Францыі ракет далёкага радыюсу дзеяньня і іншай зброі, здольнай паражаць цэлі ў самой Расеі.

У склад гэтага аб’яднаньня ўваходзіць Марын Лё Пэн, дачка вядомага радыкальна правага палітыка Жан-Мары Лё Пэна. Ультраправых Францыі даўно вінавацяць у сувязях з Крамлём і атрыманьні фінансаваньня ад Пуціна. Марын Лё Пэн даўно праводзіць прарасейскую рыторыку.

Выбары ўжо адбыліся на заморскіх тэрыторыях Францыі, у тым ліку Новай Каледоніі, што месьціца ў Акіяніі. Там зафіксаванае рэзкае павышэньне яўкі ў параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі, што адбыліся ў 2022-м. Калі тады прагаласавалі толькі 13%, то цяпер амаль 32,5%.

Пры гэтым становішча ў Новай Каледоніі застаецца нестабільным праз паўстаньне канакаў — карэнных жыхароў, якія патрабуюць вызваленьня свайго правадыра з турмы. Раней францускія ўлады на архіпэлягу арыштавалі сем дзеячоў незалежніцкага руху, у тым ліку лідэра Крыстыяна Тэйна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG