Сьцісла
- Адна зь відавочных прычынаў адстаўкі Валера Кавалеўскага — няўдача праекту «Пашпарт Новай Беларусі»;
- Кавалеўскі зрабіў вялікі ўнёсак у дасягненьні каманды Ціханоўскай і АПК у дыпляматычнай сфэры;
- Ня выключана, што адной з прычынаў яго адстаўкі стала барацьба за лідэрства ў Кабінэце паміж Ціханоўскай і Латушкам.
Валер Кавалеўскі пайшоў у адстаўку з пасады намесьніка кіраўніцы і прадстаўніка ў замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінэце (АПК). Прычыны адстаўкі ён патлумачыў наступным чынам: «На гэтым напрамку зьявіліся разыходжаньні ў стратэгічным бачаньні шляхоў дасягненьня мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзеньня працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі».
У чым была прырода гэтых разыходжаньняў, Кавалеўскі не патлумачыў. Прычына, якая ляжыць на паверхні — няўдача праекту «Пашпарт Новай Беларусі». Пачатак праекту быў эфэктна прэзэнтаваны ў мінулым жніўні на канфэрэнцыі «Новай Беларусі». Па сутнасьці, абвяшчэньне пра яго старт было ці ня самым гучным вынікам той леташняй канфэрэнцыі.
Скепсіс наконт пэрспэктываў гэтай ініцыятывы выказвалі ад пачатку ня толькі зацятыя крытыкі Ціханоўскай і АПК, але і экспэрты, якія ставяцца і да Сьвятланы, і да Кабінэту добразычліва. Мэйнстрымам стаўленьня была думка, што прэцэдэнтаў не было, незразумела, як праект рэалізаваць у прынцыпе, але калі нейкім цудам ён атрымаецца, то справа добрая і патрэбная беларусам.
Пры гэтым ініцыятарам, тварам, рухавіком праекту ўсе ўспрымалі менавіта Кавалеўскага.
Але цуду ня здарылася. Заходнія партнэры публічна аб пэрспэктывах «пашпарта Новай Беларусі» выказваліся даволі стрымана, вітаючы ідэю, але не беручы на сябе ніякіх абавязаньняў у справе яго прасоўваньня.
А месяц таму грымнуў скандал — журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) прадставілі інфармацыю аб тым, што літоўскае прадпрыемства UAB Garsų pasaulis, якому зьбіраліся заказаць выраб «пашпартоў Новай Беларусі», зьвязанае зь бізнэс-атачэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Друк афіцыйных дакумэнтаў гэтай фірме заказвалі нават літоўскія органы кіраваньня; доказы, прадстаўленыя БРЦ, не выглядалі неабвержнымі. Літоўскія ўлады пачалі разбор.. Вынікі яго пакуль не вядомыя. Але, прынамсі, пакуль не сказана, што насамрэч рэпутацыя UAB Garsų pasaulis бездакорная і ўсе абвінавачаньні ў яе адрас ілжывыя. А значыць, сумневы наконт рэпутацыі гэтага падрадчыка пераносяцца і на «пашпарт Новай Беларусі».
Нарэшце пахавальным звонам над праектам альтэрнатыўнага пашпарта прагучала на пачатку чэрвеня ацэнка намесьніка кіраўніка АПК, лідэра «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Паўла Латушкі, што пашпартны праект «пакуль падвісае».
Пры гэтым Латушка падкрэсьліў, што займаецца ініцыятывай выключна Кавалеўскі.
Мяркуючы па ўсім, няўдача праекту, які сапраўды ва ўсіх асацыяваўся з Кавалеўскім, стала прынамсі адной з прычынаў яго адстаўкі. Але ня выключана, што не адзінай. Канстатацыя, што «пашпарт Новай Беларусі» «пакуль падвісае», не выглядае «разыходжаньнямі ў стратэгічным бачаньні шляхоў дасягненьня мэтаў дэмакратычнага руху», чым Кавалеўскі патлумачыў сваю адстаўку. Было, магчыма, і нешта іншае.
Найбольшыя дасягненьні каманда Ціханоўскай і АПК мелі і маюць у сфэры дыпляматыі. Можна меркаваць, што ўнёсак Кавалеўскага, прафэсійнага дыплямата, быў істотным. Шматлікія сустрэчы на найвышэйшым узроўні, інстытуцыяналізаваныя формы супрацы дэмакратычных сілаў Беларусі з ЭЗ і ЗША, разнастайныя віды частковага прызнаньня легітымнасьці Ціханоўскай — усё гэта вынік працы, і працы Валера Кавалеўскага не ў апошнюю чаргу.
Ня выключана, што ў гэтай сваёй дзейнасьці ён недастаткова ўлічваў інтарэсы буйных фігураў у дэмакратычным руху. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што адразу ж пасьля адстаўкі Кавалеўскага яго месца, пакуль часова, заняў Уладзімер Астапенка, сябра НАУ, якім кіруе Латушка. Варта прыгадаць, што пасьля адстаўкі з АПК Тацяны Зарэцкай у лістападзе 2022 году і звальненьня Аляксандра Азарава з Кабінэту ў жніўні летась іх пасады ніхто не заняў дагэтуль, нават часова.
Цалкам імаверна, што з прыходам у АПК Астапенкі прынамсі некаторыя акцэнты ў дыпляматычнай дзейнасьці Кабінэту будуць расстаўленыя інакш.
Амбіцыі, прага лідэрства — гэта якасьці для палітыкаў натуральныя, бязь іх і палітыка няма. І выглядае, што адстаўка Кавалеўскага стала не ў апошнюю чаргу вынікам сутыкненьня гэтых амбіцыяў (прычым не ягоных). А ня толькі сьціплымі вынікамі праекту «пашпарт Новай Беларусі».
Прапанова ставіць два крыжыкі на канстытуцыйным рэфэрэндуме 2022 году прынесла таксама даволі сьціплы плён. І што ў выніку здарылася з аўтарамі гэтай ініцыятывы? Ды нічога.
У канцы 2022 году абвяшчалася, што адна з галоўных мэтаў дэмакратычных сілаў у 2023 годзе — дамагацца прызнаньня, што Беларусь акупаваная Расеяй. І ці хоць адна краіна сьвету дала такое прызнаньне? Не. Ці ўзяў нехта на сябе адказнасьць за такі вынік? Таксама не.
Праўда, карысьць ад таго прызнаньня, калі б яно было, для звычайнага беларуса што ў Беларусі, што ў дыяспары невідавочная. А ад «пашпарта Новай Беларусі», калі б ён зьявіўся, была б, і відавочная. Калі ня спраўджваюцца спадзевы атрымаць нешта карыснае і патрэбнае — расчараваньне ад гэтага больш моцнае, чым калі не даецца таго, пра што не зусім зразумела, для чаго яно патрэбна.
Адстаўку Кавалеўскага можна разглядаць як рабочы момант, як ратацыю: людзі прыходзяць, людзі сыходзяць. Але калі глядзець на яе як на праяву тэндэнцыяў, то тэндэнцыі гэтыя не натхняльныя.
Зарэцкая, Азараў, Кавалеўскі — звольнілася ледзь не палова Кабінэту менш чым за 2 гады. Напэўна, добра, што гэтым разам абышлося хаця б бяз гучнага публічнага скандалу. Да таго ж дадалася і фактычная канстатацыя няўдачы яшчэ аднаго праекту, які спачатку выклікаў вялікі энтузіязм у многіх беларусаў.
Усім зразумела, што сытуацыя ў Беларусі жахлівая ў сэнсе магчымасьцяў палітычнага дзеяньня. Таксама зразумела, што і жыцьцё ў эміграцыі ня мёд. Але, напэўна, урок адстаўкі Кавалеўскага найперш у тым, што мэты перад сабой ставіць варта ўсё ж рэалістычныя.
Форум