У пачатку кастрычніка тагачасны камандзір палку Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей апублікаваўвідэаазварот, у якім паведаміў пра зьмены ў кіраўніцтве фармаваньня, а таксама агучыў пляны пашырэньня палітычнай дзейнасьці. Паводле яго, цяпер усе ключавыя рашэньні будзе прымаць рада камандзіраў, будзе створаная вэтэранская арганізацыя «Каліноўцы», афіцыйна прадстаўляць якую будзе Ян Мельнікаў.
«Жаўнер ня можа займацца палітыкай, таму мы будзем прадстаўляць іхныя інтарэсы»
Палітычным прадстаўніком палку будзе сам Павал «Дзядзька» Шурмей, цяпер ён сябра рады камандзіраў. Свабода распытала яго пра кірункі палітычнай дзейнасьці і стан рэчаў у палку Каліноўскага.
«У нас ёсьць тры кірункі працы. Полк Каліноўскага — ваенны кірунак, хлопцы ваююць. У нас ёсьць грамадзкі кірунак — вэтэранская арганізацыя, дапамога былым ваярам, дапамога ў рэабілітацыі, дапамога сем’ям загінулых. Так сталася, хочам мы гэтага ці не — ёсьць палітычны кірунак, і пакуль часова я буду за яго адказваць», — расказвае суразмоўца.
Павал Шурмей зьвяртае ўвагу, што дзейныя вайскоўцы ня могуць займацца палітыкай, але важна, каб іхныя інтарэсы былі прадстаўленыя наўпрост, «каб да байцоў не даходзіла празь нейкі час інфармацыя, што недзе ад іхнага імя робяцца нейкія заявы».
Адна з актуальных праблемаў — легалізацыя беларускіх добраахвотнікаў і вэтэранаў ва Ўкраіне, зазначае Павал Шурмей. Пра такую праблему Свабодзе апавядалі многія дзейныя і былыя беларускія добраахвотнікі.
«Калі мы хочам, каб мэханізм легалізацыі працаваў і працаваў добра, трэба ўсё кантраляваць і штурхаць. Мы хочам, каб нашая грамадзкая арганізацыя дапамагала ў легалізацыі. Чым больш з розных бакоў і кірункаў гэтае пытаньне будзе падымацца, тым больш будзе плёну», — мяркуе Павал Шурмей.
Суразмоўца заўважае, што ўдзел у абароне Ўкраіны — гэта ўжо палітычны крок, нават калі жаўнеры ніколі не хацелі займацца палітыкай.
«Многія з хлопцаў, якія ваююць, ня хочуць займацца палітыкай. Яны проста кажуць: „Навошта нам гэта лайно?“ І я зь імі згодзен, што гэта брудная праца. Але калі чалавек робіць такі крок, ён ужо ў палітыцы, ён са зброяй у руках прыехаў бараніць Украіну. Ён можа нават не заяўляць, што ён супраць рэжыму ў Беларусі, але ў Беларусі і Расеі ён ужо будзе пад крымінальным перасьледам. А калі мы ўсё ж ужо ў палітыцы, то мусім вырашаць, з кім мы супрацоўнічаем, што заяўляем. Бо інакш гэта зробяць за нас нават бяз нашага ведама», — тлумачыць суразмоўца.
«Мы б хацелі, каб нас у палку было значна болей»
Пасьля заяваў пра больш актыўную палітычную дзейнасьць палку многія прапагандысцкія тэлеграм-каналы пачалі пісаць, што, маўляў, «няма каму больш ваяваць, нікога не засталося». Павал Шурмей гэта зьняпраўджвае, але і не адмаўляе патрэбы ў людзях.
«Зараз вайна мяняецца, яна не такая, як у 2022 годзе. Адказваючы на гэтыя выклікі, мы шмат намаганьняў прыкладаем для разьвіцьця нашага падразьдзелу БПЛА (бесьпілётных лётных апаратаў. — РС). Не забываем і пра іншыя падразьдзелы: нашых мэдыкаў, якія забясьпечваюць мэдычную падтрымку ня толькі нашаму палку, але і іншым падразьдзелам — украінцам, беларусам у іншых фармаваньнях. Мы не забываем пра нашую бранягрупу, якая адна зь нямногіх у Міжнародным легіёне забясьпечвае заход на пазыцыі і выхад з пазыцыяў. Пра нашых артылерыстаў — хлопцы з досьведам ваююць з 2022 году. Пра нашых сувязістаў. Мы б даціснулі, каб нас было болей», — апісвае цяперашні стан рэчаў Павал Шурмей.
З дапамогай БПЛА жаўнеры сёньня выконваюць ролю супрацьпаветранай абароны: зьбіваюць варожыя дроны сваімі. Таксама ўжываюць сучасныя тактычныя БПЛА, якія працуюць на далёкія дыстанцыі, выкарыстоўваюць наземныя рабатызываныя комплексы, тлумачыць суразмоўца.
Што да прыходу новых жаўнераў, то іх менш, чым было на пачатку вайны, расказвае Шурмей. Аднак такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў іншых падразьдзелах, заўважае ён.
«Што да камандаваньня, то ўсё застаецца, як і раней. Шмат хлопцаў, хто пачынаў у 2022 годзе, тымі ж камандзірамі і засталіся з таго часу. Кожны падразьдзел займаецца сваёй працай. Рада камандзіраў была і раней, быў час, калі пра яе менш казалі, цяпер гэты момант проста дадаткова агучылі. Гэта датычыцца і баявой працы, і палітычнай. Я таксама выконваю рашэньні гэтай рады», — паведамляе суразмоўца.
Колькасьць людзей, якія ваююць у палку, не называюць дзеля бясьпекі. Павал Шурсей пералічвае толькі асноўныя накірункі.
«У нас вялікі падразьдзел БПЛА, агнявая падтрымка, артылерысты, бранягрупа, якая на бронемашынах ажыцьцяўляе працу для заходу на пазыцыі, сувязь, мэдыкі, лягістыка», — сьцісла пералічвае Шурмей асноўныя кірункі.
Самае небясьпечнае на сёньняшняй вайне — гэта ратацыя, то бок зьмена жаўнераў, працягвае суразмоўца.
«Калі раней, у 2022 годзе, у пачатку 2023 году 10 кілямэтраў лічылася зонай, дзе людзі могуць нармальна адпачыць, заняцца сваімі справамі, то цяпер нават 15 кіламэтраў — небясьпечная зона, хутка дроны і на 50-60 кілямэтраў змогуць лятаць. Зараз самая вялікая небясьпека — гэта ратацыя. Раней людзі заходзілі на 3-5 дзён на пазыцыю, і пасьля іх мянялі. А зараз людзі гатовыя месяц сядзець на пазыцыі, каб паменшыць рызыкі. Небясьпечна заходзіць на пазыцыю, бо працуе БПЛА», — тлумачыць Павал Шурмей.
Полк Каліноўскага быў створаны зь беларускіх добраахвотнікаў у сакавіку 2022 году для абароны Ўкраіны ад расейскага ўварваньня.
Павал Шурмей стаў камандзірам палку Каліноўскага ў ліпені 2024 году.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум