Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Фядута пяты раз сустракае дзень народзінаў за кратамі; Аліневіча зьмясьцілі ў ПКТ


Аляксандар Фядута. Архіўнае фота
Аляксандар Фядута. Архіўнае фота

На 3 лістапада ў Беларусі быў як мінімум 1241 палітвязень, прызнаны праваабарончай супольнасьцю, а паводле Dissidentby.com іх 1352. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш. Свабода працягвае сачыць за тым, што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі.

Аляксандру Фядуту споўніўся 61 год

Жонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко згадала, што гэта ўжо пяты раз, калі ён адзначае свой дзень нараджэньня ў турме. Яна піша, што Аляксандар моцна зьмяніўся, але «вочы засталіся такімі ж прамяністымі»:

«Цікавіцца літаратурай, перачытвае бібліятэку і марыць вярнуцца да хатняй. Хочацца верыць».

Паводле праваабаронцаў, 61-гадовы літаратуразнаўца і палітоляг Аляксандар Фядута цярпіць ад прыступаў стэнакардыі і арытміі, перасоўваецца з кійком, ня можа нармальна адпачываць, між тым у калёніі яго ня вызвалілі ад працы на вытворчасьці.

Аляксандра Фядуту асудзілі на 10 гадоў зьняволення нібыта за «змову з мэтай захопу ўлады». Палітвязьня трымаюць у папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам, дзе ён моцна схуднеў, мае праблемы з здароўем.

Ігара Аліневіча зьмясьцілі ў ПКТ

Паводле @a_partisans, у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) Ігара адправілі пасьля двух месяцаў у ШЫЗА (штрафным ізалятары).

У жніўні 2025 году скончыўся тэрмін турэмнага рэжыму Ігара Аліневіча, пасьля чаго яго адправілі ў мазырскую калёнію № 20.

Ігар Аліневіч — актывіст анархісцкага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 году. Яго абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынкаў ДАІ і дзяржаўнага камітэту экспэртызаў у Гомельскай вобласьці. У выніку Ігара асудзілі на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG