Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 3 лістапада: вырак гомельскаму пастару пакінулі бязь зьменаў


Асуджаны пастар Алег Лойка, архіўнае фота
Асуджаны пастар Алег Лойка, архіўнае фота

Свабода працягвае храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Апэляцыйны суд пацьвердзіў вырак у справе гомельскага пастара

Прысуд пастару Царквы хрысьціян веры эвангельскай Алегу Лойку пакінулі бяз зьменаў. Чакаецца, што неўзабаве палітвязьня адправяць у калёнію, піша «Вясна».

Раней 49-гадовага пастара Алега Лойку асудзілі ў «справе Гаюна». Яго абвінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прызначылі тры з паловай гады калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд вынес Сяргей Сакалоўскі. На судзе палітвязень не прызнаў, што зрабіў злачынства.

Пастар шмат гадоў займаўся рэабілітацыяй людзей з наркатычнай залежнасьцю ў рамках місіі «Вяртаньне». Дзякуючы яго дзейнасьці сотні чалавек вярнуліся да нармальнага жыцьця.

Лойку затрымалі 22 красавіка 2025 году і з таго часу трымаюць у СІЗА-3 Гомля.


Палітвязьня Шпетнага асудзілі ў новай крымінальнай справе

Праваабаронцам стала вядома, што ў кастрычніку адбыўся суд над палітзьняволеным актывістам анархісцкага руху Паўлам Шпетным. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»). Суд Бабруйска і Бабруйскага раёну прызначыў Паўлу яшчэ два гады зьняволеньня ў дадатак да шасьці гадоў калёніі, піша @belarus_abc.

Павал — жыхар Берасьця. Яго затрымалі 2 сакавіка 2021 году ў рамках крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху. У верасьні 2022 году Паўлу прызначылі шэсьць гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў).

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG