Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыгоравіч, налівай». Выбары-1994: жывыя карцінкі


Каляж
Каляж

Першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 1994 годзе з арыгінальных ракурсаў асьвятляла самая папулярная апазыцыйная газэта таго часу — «Свабода».

Яе галоўны рэдактар Ігар Гермянчук быў дэпутатам Вярхоўнага Савету і назіраў за кампаніяй літаральна знутры. Празь некалькі гадоў пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады газэту «Свабода» забаранілі.

«Першы прэзыдэнцкі мітынг»

«Таварыш прэзыдэнт абяцае ўсіх накарміць: адных — каўбасою, другіх — баландою». З такім загалоўкам выйшаў нумар «Свабоды» ўжо ў прэзыдэнцкай Беларусі. Краіна выбрала Лукашэнку.

Газэта расказвае: у дзень галасаваньня ў другім туры Лукашэнка быў на радзіме. «Нейкі дзядзька крыкнуў: „Рыгоравіч! Налівай!“ — „Дык нясі!“ — з энтузіязмам адгукнуўся Рыгоравіч. Аднак калі дзядзька прыбег з пляшкаю гарэлкі, падступіцца да Рыгоравіча яму ўжо не ўдалося».

«Лукашэнка падруліў на чорным „членавозе“ маркі „ЗИЛ“ зь бел-чырвона-белым сьцяжком на капоце». Гэта было ў Шклове. Ён загадаў склікаць усіх старшыняў калгасаў раёну — «каб не дапусьціць спаду вытворчасьці малака і мяса». «Гаспадар!» — падсумоўвае «Свабода».

«Прэзыдэнта фатаграфаваць забаронена!»

«Свабода» яшчэ друкуе свае фірмовыя «кусьлівыя» здымкі, але неўзабаве гэтай справе пакладуць канец. Будзе забаронена здымаць, а пасьля і пісаць, і друкаваць, і чытаць. І ўвогуле, калі ты не ляяльны, — быць.

«Свабода» лічыць патрэбным нагадаць чытачам інцыдэнт, які здарыўся падчас выбарчай кампаніі. Адбыўся ён з дэпутатам і кандыдатам Лукашэнкам. Сваім часам нават трапіў у эфір БТ.

«Лукашэнка зачапіўся за цьвікі»

Скандалы, якія ўчыняў кандыдат падчас прэзыдэнцкай гонкі, цяпер страчвалі актуальнасьць, іх трэба было «замяць». Бо новая сытуацыя патрабавала новых, прэзыдэнцкага маштабу скандалаў, а ня нейкага там парванага пінжака... «Свабода» пісала:

«Нягледзячы на тое, што Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, крымінальная справа, узбуджаная пасьля інцыдэнту ў Доме ўраду, хутчэй за ўсё, будзе хутка спыненая. Як паведаміў адзін супрацоўнік пракуратуры рэспублікі, які не пажадаў назваць свайго імя, Аляксандар Лукашэнка наўрад ці зацікаўлены ў правядзеньні сьледзтва па гэтай справе, паколькі экспэртыза ўстанавіла, што знакаміты гарнітур Лукашэнкі сапсавалі зусім не супрацоўнікі міліцыі, як раней заявіў пацярпелы. Аказваецца, Аляксандар Рыгоравіч у мітусьні проста зачапіўся за цьвікі, якімі некалі была прымацаваная шыльдачка на дзьвярах ягонага кабінэту, і разарваў гарнітур. Цяпер тыя клятыя цьвікі з валокнамі прэзыдэнцкага гарнітуру знаходзяцца ў лябараторыі крымінальнай экспэртызы. Акрамя таго, экспэрты лічаць, што плямы, якія засталіся на некаторых пікантных месцах гарнітуру Лукашэнкі пасьля паядынку зь міліцыянтамі, гэта ўсяго толькі плястылін, якім былі апячатаныя дзьверы кабінэту, а не сьляды міліцэйскіх ботаў».

У кнізе «Спадар Свабода» пра галоўнага рэдактара гэтай легендарнай газэты ёсьць эпізод зь першых дзён прэзыдэнцтва Лукашэнкі, пра які ўспамінаў сам Ігар. Лукашэнка яшчэ хадзіў па Доме ўраду, як раней дэпутатам. І зайшоў у сталоўку.

Гермянчук абедаў і зь месца запытаўся:

— Што, Саша, закрыеш газэту?

— Плоха аба мне думаеш, — адказаў Лукашэнка.

Так і атрымалася: Гермянчук меў рацыю, калі «плоха» думаў пра Лукашэнку. Праўда, забароняць «Свабоду» толькі пад канец 1997 году — так што газэта пасьпее адлюстраваць усе найважнейшыя інсайды станаўленьня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

Працяг будзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG