З улікам таго, што Пэкін імкнецца ня ўмешвацца ў канфлікты, якія адбываюцца ў сьвеце, а таксама беручы пад увагу вытанчанасьць усходняй дыпляматыі (не казаць «не»), гэтую заяву можна разглядаць як сур’ёзны сыгнал незадаволенасьці пазыцыяй беларускіх уладаў.
Сьцісла:
- Польшча разглядае магчымасьць закрыць апошнія пераходы на мяжы зь Беларусьсю.
- Праблема ў тым, што гэты канфлікт закранае шмат трэціх краін. Празь Беларусь і Польшчу ідуць грузы з Усходу на Захад, у дзяржавы Эўразьвязу.
- Праблема памежных пераходаў на беларуска-польскай мяжы набыла міжнароднае гучаньне.
- Кітай заклікаў Беларусь і Польшчу «пазьбегнуць эскаляцыі напружанасьці» на мяжы.
- Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік прапаноўвае Варшаве дыялёг. Аднак міралюбівая заява беларускага боку не падмацоўваецца адпаведнымі дзеяньнямі.
Эскаляцыя адносін паміж Варшавай і Менскам, выкліканая забойствам на мяжы адным зь мігрантаў польскага жаўнера, натуральным чынам прывяла да таго, што 22 чэрвеня міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў: разглядаецца магчымасьць закрыць рэшту памежных пераходаў зь Беларусьсю.
Можна меркаваць, што польскае кіраўніцтва даўно пайшло б на такі крок, калі б тэма закрыцьця мяжы была пытаньнем толькі беларуска-польскіх адносін. Але праблема ў тым, што гэты канфлікт закранае шмат трэціх краін. Праз Беларусь і Польшчу ідуць грузы з Усходу на Захад, у дзяржавы Эўразьвязу, і ў зваротным кірунку.
Асаблівае значэньне транзыт грузаў мае для Кітая. Дзеля лепшага вырашэньня гэтай задачы Пэкін ініцыяваў велізарны інфраструктурны праект «Адзін пояс, адзін шлях». Да пачатку вайны Расеі супраць Украіны праз чыгунку ажыцьцяўлялася 4% кітайскага гандлю з Эўразьвязам. Прычым праз Беларусь праходзіла больш за 80% усіх чыгуначных перавозак паміж ЭЗ і Кітаем.
Асноўны транзыт адбываецца марскім шляхам. Аднак апошнім часам тут таксама зьявіліся праблемы. Пасьля абвастрэньня канфлікту на Блізкім Усходзе ўзьнікла пагроза суднаходзтву праз Чырвонае мора і Суэцкі канал, емэнскія хусіты абстрэльваюць караблі.
Таксама зьнік транзыт праз Украіну.
Цяпер у Беларусі з суседнімі краінамі ЭЗ дзейнічаюць чатыры пункты пропуску: два літоўскія, адзін латвійскі і адзін польскі. Прычым праз апошні праходзіць амаль у чатыры разы больш грузаў, чым праз тры астатнія, разам узятыя. І закрыцьцё яго можа выклікаць транспартны каляпс.
Таму цалкам натуральна, што праблема памежных пераходаў на беларуска-польскай мяжы набыла міжнароднае гучаньне. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візыту ў Кітай падняў гэтае пытаньне на перамовах з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам. Пасьля польскі кіраўнік расказаў журналістам, што «мы вельмі падрабязна пагаварылі і абмеркавалі гэтую сытуацыю».
І Пэкін прарэагаваў. Пасьля перамоваў кітайскае МЗС заявіла: «Кітай спадзяецца, што абодва бакі будуць ставіцца адзін да аднаго з павагай і будуць вырашаць праблему шляхам кансультацый, каб пазьбегнуць эскаляцыі напружанасьці». Упершыню з моманту крызісу на мяжы Беларусі з суседзямі (з 2021 году) КНР афіцыйна пракамэнтавала сытуацыю. З улікам таго, што Пэкін імкнецца ня ўмешвацца ў канфлікты, якія адбываюцца ў сьвеце, а таксама ўлічваючы тонкасьць усходняй дыпляматыі (не казаць «не»), гэтую заяву можна разглядаць як сур’ёзны сыгнал незадаволенасьці пазыцыяй беларускіх уладаў. Калі МЗС вялікай дзяржавы публічна кажа, што «Кітай спадзяецца», то гэта ў перакладзе з дыпляматычнай на звычайную мову азначае, што кітайскае кіраўніцтва перайшло на крык.
На гэтым тле кур’ёзам выглядае заява Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчы з сакратаром партыйнага камітэту Пэкінскага ўнівэрсытэту Хао Пінам і прадстаўнікамі кітайскіх унівэрсытэтаў 25 чэрвеня:
«І мы дамовіліся са спадаром Сі Цзіньпінам, што калі Кітаю трэба, выкарыстоўвайце Беларусь у прасоўваньні сваіх інтарэсаў у Эўропу... Мы гатовы аказваць вам усялякую падтрымку ў вашых інтарэсах пры прасоўваньні іх у Эўрапейскі зьвяз. Нямала ў гэтым кірунку зроблена».
Як краіна, якая апынулася ў ізаляцыі ад краін Эўропы, якая знаходзіцца ў найвастрэйшым канфлікце з ЭЗ, кіраўнік якой не прызнаецца эўрапейскімі палітыкамі, можа дапамагчы Кітаю прасоўваць яго інтарэсы ў Эўропе? Здаецца, сам Лукашэнка не ўсьведамляе камічнасьці гэтай сытуацыі.
Між тым праблема беларуска-польскай мяжы абмяркоўвалася і падчас візыту ў Менск міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова. Што лішні раз сьведчыць пра тое, што атака на суседзяў з выкарыстаньнем мігрантаў адбываецца з удзелам Масквы. Можна меркаваць, што і вырашэньне праблемы магчымае толькі са згоды Крамля.
Пасьля перамоваў з Лаўровым прагучала заява міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка:
«У гэтых умовах адзіны шлях дээскаляцыі — гэта шлях дыялёгу. Калі Польшча да гэтага гатовая, хаця б у пытаньнях памежнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва, якое згорнутае па ініцыятыве польскага боку і іншых эўрапейскіх партнэраў, то мы гатовыя гэтыя тэмы абмяркоўваць».
Заява міралюбівая. Але ў эскаляцыі абвінавачваецца Польшча і ў цэлым Захад. Прапанове аб дыялёгу спадарожнічае агрэсіўная рыторыка ў адрас таго, з кім Менск зьбіраецца ладзіць перамовы.
І самае галоўнае, за словамі няма ніякіх дзеяньняў. Дакладней, дзеяньні ёсьць, але яны маюць супрацьлеглы характар. Працягваецца мілітарысцкая ліхаманка, на тэрыторыі Беларусі разьмешчана расейская ядзерная зброя, адбываюцца атакі на суседзяў з дапамогай мігрантаў і інш. Калі хочуць дыялёгу, то робяць нейкія міралюбівыя жэсты, а не наадварот.
Форум