Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» заявілі, што атрымалі зьвесткі пра тысячы агентаў і супрацоўнікаў КДБ


«Кібэрпартызаны» заявілі, што атрымалі доступ да зьвестак пра тысячы людзей, якія працавалі ў КДБ ці супрацоўнічалі зь ім

Паводле тэлеграм-каналу «Кібэрпартызанаў», да іх трапіла інфармацыя пра больш як 2 тысячы людзей, якія ўзаемадзейнічалі з КДБ Беларусі паводле палітычных пытаньняў.

Гэтыя зьвесткі «Кібэрпартызаны» зьбіраюцца выкарыстоўваць для вылічэньня агентаў і даносчыкаў КДБ, але выкладаць у публічны доступ ня будуць.

Да таго ж, «Кібэрпартызаны» атрымалі інфармацыю пра больш як 4400 супрацоўнікаў КДБ — цяперашніх і ранейшых. Гэтыя зьвесткі ўжо загружаныя ў адмысловы пошукавы бот @facement_bot.

Таксама «Кібэрпартызаны» напісалі, што на падставе зьвестак, гатовыя дапамагаць спэцслужбам «дружалюбных краін».

Акцыі і прадукты «Кібэрпартызанаў»

1. База пашпартоў

27 ліпеня 2021 году «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі пашпартную сыстэму і атрымалі зьвесткі ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама тых, хто мае дазвол на жыхарства ў Беларусі і падобныя дакумэнты. Гэта больш за 11 мільёнаў асабістых нумароў.

Па словах хакераў, яны таксама атрымалі доступ да засакрэчанай інфармацыі пра сілавікоў, людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ і выведнікаў у Эўразьвязе. Частку гэтай інфармацыі яны плянавалі перадаць сяброўскім ініцыятывам «Каратели Беларуси», blackmap.org і «Буслы Ляцяць» для будучага «грамадзянскага трыбуналу». Зьвестак «звычайных беларусаў» кібэрпартызаны абяцаліся «не чапаць». Усю базу цалкам абяцаюць перадаць толькі новым уладам Беларусі.

Прадстаўнік украінскай падобнай хакерскай групы «Ўкраінскі кібэральянс» Андрэй Барановіч (псэўданім Шон Таўнсэнд) ахарактарызаваў тады гэты ўзлом як найбуйнейшы і найбольш пасьпяховы ўзлом дзяржаўных сыстэм з 2015 году, калі кітайскія хакеры ўзламалі сэрвэры Ўпраўленьня кадравай службы ў ЗША. Тады зламысьнікі атрымалі інфармацыю пра мільёны амэрыканскіх дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку пра супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Ананімныя беларускія хакеры таксама сьцьвярджаюць, што ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), Упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС, дзяржаўны рэестар нерухомасьці, базы зьвестак усіх апэратараў сувязі ў Беларусі, памежную базу ўсіх асобаў, якія перасякалі мяжу Беларусі цягам апошніх 15 гадоў.

2. Узлом чыгуначных сыстэм

Прадстаўнікі «Кібэрпартызанаў» сьцьвярджаюць, што яшчэ перад поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну ўзламалі чыгуначную сыстэму Беларусі і атрымалі доступ да аўтаматызаванай сыстэмы, якая адказвае за разьмеркаваньне маршрутаў. А пасьля 24 лютага 2022 году яны з дапамогай кансультацый саміх чыгуначнікаў здолелі адключыць такім чынам гэтую сыстэму, што рух вайсковых цягнікоў, якія ішлі з Расеі на Ўкраіну, спыніўся прынамсі на тыдзень. Афіцыйныя асобы гэтай інфармацыі не камэнтавалі.

3. Аўдыёзапісы размоваў сілавікоў і чыноўнікаў

Беларускія хакеры ўлетку 2021 году абвесьцілі, што атрымалі доступ да запісаў тэлефонных размоваў сілавікоў цягам паўгода да ўзлому. Зь іхных словаў, яны ўзламалі сэрвэры Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС. З запісаў стала вядома, што магло адбывацца ўнутры сілавой сыстэмы перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і пасьля іх, зь якой жорсткасьцю сілавікі і чыноўнікі плянавалі свае апэрацыі.

Сярод «зьліваў» былі запісы размовы, імаверна, прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і кіраўніку менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы перад рэйдам на «плошчу Перамен» — аднаго зь яскравых цэнтраў пратэстаў, дзе разьвешвалі бел-чырвона-белыя стужкі і намалявалі графіці з «дыджэямі перамен». Пасьля таго рэйду забілі жыхара «плошчы Перамен» Рамана Бандарэнку.

«Дзьмітры Ўладзімеравіч, стужкі — гэта ж другасна. Нам патрэбныя галовы», — гаворыць голас на запісе, які, як мяркуецца, належыць Натальлі Эйсмант.

Натальля Эйсмант і Дзьмітры Балаба. Ілюстрацыйны каляж
Натальля Эйсмант і Дзьмітры Балаба. Ілюстрацыйны каляж

Хакеры таксама апублічылі аўдыёзапіс з сэлектарнай нарады, якую 6 жніўня 2020 году праводзіў тагачасны міністар унутраных спраў Юры Караеў. Зь яго вынікае, што сілавікі плянавалі сьцягнуць у Менск значныя сілы на выпадак «прайграных выбараў». Адпраўляць у сталіцу меркавалі нават турэмных «канвойнікаў», пакідаючы месцы зьняволеньня амаль без аховы. Караеў засьцерагаў, што і сярод зьняволеных могуць успыхнуць бунты.

«Кулямёты на вышках паставім, калі на тое пайшло. А можа, у бараках і „сожгём“, калі ніяк...», — казала на нарадзе асоба з голасам, падобным да голасу Юрыя Караева.

Ён таксама заахвочваў весьці працу з насельніцтвам, каб «усе на ўсіх „стучали“». Асобны загад паступіў адносна членаў выбарчых камісій: каб сілавікі даставілі іх дадому «без пашкоджаньняў псыхікі і цела».

У іншых аўдыёзапісах, як мяркуецца, чуваць, як міліцыянты расказваюць пра гвалт, які яны чынілі ў дачыненьні да людзей, і сьмяюцца.

4. Партызанскі Telegram

«Кібэрпартызаны» яшчэ ў 2021 годзе прадставілі сваю вэрсію Telegram, якую яны распрацавалі на падставе існага.

Распрацоўнікі сьцьвярджаюць, што іхны варыянт дапамагае засьцерагчы сябе, калі сілавікі просяць перадаць ім тэлефон, а чалавек не пасьпеў выдаліць падазроныя перапіскі і падпіскі на забароненыя каналы. Таксама ён у патрэбны момант можа адправіць паведамленьні сябрам пра затрыманьне ўласьніка тэлефона. Ёсьць іншыя опцыі, якія чалавек настройвае сам.

Са словаў Юльяны Шаметавец, партызанскім Telegram карыстаюцца прыкладна 5-10 тысяч чалавек. Гэта ня толькі беларусы ў Беларусі, але і ўкраінцы на акупаваных тэрыторыях. Нават іранскія пратэстоўцы прасілі перавесьці аплікацыю на пэрсыдзкую мову, каб карыстацца ёй. Прэс-сакратарка «Кібэрпартызанаў» кажа, што ім вядомыя выпадкі, калі іхная праграма ўратавала людзей ад зьняволеньня.

5. «Зьліў» базы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі

У красавіку 2024 году «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі сыстэму КДБ. Яны спампавалі ня толькі асабістыя зьвесткі пра спэцслужбоўцаў, але і базу зваротаў людзей у КДБ. Сярод 40 тысяч зваротаў частку склалі даносы на беларусаў (у тым ліку на саміх сябе) і прапановы супрацоўнічаць з КДБ.

Сядзіба КДБ у Менску
Сядзіба КДБ у Менску

Дзякуючы гэтай базе выявілі двух чалавек, якія сёлета балятаваліся ў Каардынацыйную раду, але пры гэтым раней пісалі даносы на іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці (Міколу Аўтуховіча і Эдурада Пальчыса). Таксама стала вядома, што данос на жыхара «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава, якога асудзілі на 8,5 года турмы, напісаў ягоны калега-арбарыст з Расеі.

Падпісчыкі «Кібэрпартызанаў» пасьля «зьліву» базы КДБ дапамаглі аформіць яе ў больш зручным фармаце, зрабілі пошукавік, каб зручней было правяраць інфармацыю.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG